Латарэя паступлення: З айцішнікаў у авіятары, з "кітайскай мовы" — у дыпламаты

Латарэя паступлення: З айцішнікаў у авіятары, з "кітайскай мовы" — у дыпламаты

"Нічога, у педагагічны дакладна пройдзеш", — першае, што чую, калі падыходжу да БДУ ў апошні дзень падачы дакументаў. Гэта мама супакойвае сына-абітурыента.

14 ліпеня ў БДУ ўсе сочаць за абнаўленнямі статыстыкі, глядзяць, дзе павысіўся прахадны, дзе панізіўся. Бацькі, абітурыенты, сваякі і сябры за кампанію — усе хвалююцца. Многія проста перакідваюць дакументы, каб не прагадаць і паступіць, выйграць латарэю.

Латарэя паступлення: З айцішнікаў у авіятары, з "кітайскай мовы" — у дыпламаты

"Спярша падавалася на "лінгвакраіназнаўства", але пасля перакінула на спецыяльнасць "міжнародныя адносіны", бо не праходзіла па балах. Я хацела на кітайскую мову, але не атрымалася", — кажа Аляксандра. Нават пасля ліцэя БДУ ёй не хапае трох балаў на "лінгвакраіназнаўства", дзе прахадны — 384 з 400 магчымых.

 

Яе сяброўка Кацярына, якая паступае туды ж і мае такі ж прахадны бал, пакуль не ўяўляе сваёй будучай спецыяльнасці.

Латарэя паступлення: З айцішнікаў у авіятары, з "кітайскай мовы" — у дыпламаты

"Хачу вывучыць другую замежную мову. Праз пяць гадоў, можа, буду сядзець на перамовах, нешта перакладаць".

Каля тэрмінала, дзе паказваюць абноўленыя балы, некалькі дзясяткаў чалавек уважліва сочаць. Абітурыентка Воля вылічвае на калькулятары, ці пройдзе на біялагічны факультэт.

"У мяне 250 балаў. Калі ва ўсіх людзей, што перада мной, будзе больш, то я ўжо не праходжу. Пакуль чакаю, каб падаць дакументы, каб быць дакладна ўпэўненай", — апісвае Воля.

Дакументы перакідваюць нават у іншыя ўніверсітэты і кардынальна мяняюць спецыяльнасць. Ілля падаваўся на факультэт радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій яшчэ 8 ліпеня. Але цяпер ідзе ў Акадэмію авіяцыі. 

"Мяркуючы па ўсім, я не праходжу, у мяне 220 балаў", — адказвае Ілля і едзе ў Авіяцыйную акадэмію, каб паспець падацца там.

Алёна з Мядзеля ўжо падала дакументы на біялагічны факультэт, але ўважліва глядзіць, ці не падскочыць прахадны бал. Тады тэрмінова перакіне дакументы ва ўніверсітэт імя Сахарава, на падобны факультэт.

"Пакуль я праходжу, але калі раптам што, то паспею перакінуць", — гаворыць Алёна

А яе сяброўка Юлія пойдзе на юрыдычны на платнае, бо не праходзіць на бюджэт. Спецыяльнасць мяняць не збіраецца. 

У прыёмнай камісіі БДУ заўважаюць, што балы ў гэтым годзе вышэйшыя за мінулагоднія. Абітурыенты больш матываваныя і менш перакідваюць дакументы.

"17 чалавек маюць балы 390 і вышэй. Прахадны бал па двух спецыяльнасцях большы за 380. Больш матываваныя абітурыенты ў гэтым годзе. Але ўсё адно перакідка ёсць, толькі за дзень сотня новых абітурыентаў прыйшла", — падсумоўвае адказны сакратар прыёмнай камісіі Вячаслаў Малафееў.

14 ліпеня ўвечары дзверы БДУ зачыняцца для абітурыентаў, якія паступаюць на бюджэт. Пазней можна будзе падацца толькі на платнае.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі