Ларычаў: У РУУС столькі радасці было! Маўляў, злавілі таго, хто міністра малюе

Ларычаў: У РУУС столькі радасці было! Маўляў, злавілі таго, хто міністра малюе

Графіціст Алег Ларычаў чакаў 15-ці сутак за лаянку на вуліцы, таму не прыйшоў на суд раніцай 6 чэрвеня. Але ўсё скончылася штрафам у трыццаць базавых велічынь (690 беларускіх рублёў):


"Вырашыў не ісці, каб некалькі дзён быць яшчэ на свабодзе. Мне намякалі, што будуць суткі, калі нават суддзя не прыйшоў, канвой казаў, што будзе яшчэ адзін "пасажыр" і паказвалі на мяне".


Паляванне на каардынатара стрыт-арт-праекта Signal пачалося пасля таго, як на адной з трансфарматарных будак Мінска з'явіўся постар з выявай міністра ўнутраных справаў Шуневіча. Амапаўцы, якія ў ноч на нядзелю, 4 чэрвеня затрымлівалі Ларычава разам з сяброўкай Ганнай Новік, па словах Алега, так і сказалі, што ён "пакрыўдзіў іх міністра".


"За мной сачылі ад пад'езда, ― працягвае Алег. ― Яны ведалі ўсе нашы перамяшчэнні за вечар, канкрэтна вялі. Гэта нонсенс, цырк на дроце, людзям заняцца няма чым! Амапаўцы на мікрааўтобусе за намі ганялі ўвесь вечар. Цяпер усё склалася наконт майго папярэдняга затрымання на піцэрыі. Зразумела, што і тады сачылі. А як нас прывезлі ў Кастрычніцкае РУУС, дык радасці было! Кажуць: "Прывезлі тых, хто малюе міністра, Балабу і піша надпісы на "Масква-Мінск". Доказаў у іх няма, але яны кажуць: "А хто яшчэ? У СМІ пішуць, што вы".


У Алега пры затрыманні была фарба і трафарэт. Распавядае, што ўпершыню спрабаваў самастойна зрабіць трафарэтны малюнак на сценцы, але не атрымалася. Маладыя людзі былі затрыманыя, сяброўцы Ларычава далі штраф у 10 базавых велічынь таксама за нецэнзурную лаянку.


У планах Ларычава новыя муралы, магчыма, у іншых гарадах.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі