Кыргызстан вярнуў у Мінск амбасадара праз тры гады “байкоту”

Кыргызстан вяртае сваіх амбасадараў у Беларусь і Вялікабрытанію. Пра гэта паведамляе TUT.by са спасылкай на сайт парламента гэтай краіны. 19 траўня на паседжанні Камітэта па міжнародных справах была ўзгоднена кандыдатура Кубанычбека Амураліева на прызначэнне надзвычайным і паўнамоцныя амбасадарам у Беларусі. На такую ж пасаду ў Вялікабрытанію накіравалі Гульнару Іскакаву.

У жніўні 2012 года МЗС Кыргызскай Рэспублікі адклікаў свайго амбасадара з Беларусі ў адказ на адмову афіцыйнага Мінска выдаць Бішкеку брата зрынутага прэзідэнта Бакіева — Жаныбека. Ноту з патрабаваннем аб яго выдачы МЗС Кыргызстана накіраваў Беларусі 21 жніўня 2012 года, але рэакцыі на яе не было.

Жаныбек Бакіеў расшукваецца Інтэрполам за здзяйсненне асабліва цяжкіх крымінальных злачынстваў.  

Кыргызстан дамагаецца выдачы братоў Бакіевых ужо некалькі гадоў. Апошнімі рэзкімі выказваннямі Бішкек і Мінск абмяняліся ў лютым гэтага года, пасля забойства ў беларускай сталіцы кыргызскага крымінальнага аўтарытэта. У Бішкеку былі ўпэўненыя, што за злачынствам стаіць сям’я Бакіевых і чарговым разам запатрабавалі іх выдаць.

Фота з архіву

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі