Куды знік палкоўнік Барадач пасля ліста Лукашэнку?

Палкоўнік Уладзімір Барадач прапанаваў прэзідэнту дапамогу ветэранаў у барацьбе з карупцыяй і… перастаў адказваць на званкі сяброў і знаёмых. Але яго калегі-афганцы кажуць, што ён сам сышоў у падполле. Ліст Аляксандру Лукашэнку, які падпісалі 15 ветэранаў баявых дзеянняў, Уладзімір Барадач накіраваў некалькі дзён таму. І з таго часу яго мабільны тэлефон адключаны. Сябра палкоўніка былы афганец Алег Воўчак выказаў здзіўленне ў сувязі з яго знікненнем.

Алег Воўчак: “Я яму набіраў ужо некалькі разоў, але тэлефон не працуе. Я не ведаю, куды ён падзеўся”.

І згадаў, як ён папярэджваў Барадача наконт таго, што да яго ліста паставяцца негатыўна.

Алег Воўчак: “Ён мне казаў, што такую паперу будзе дасылаць, перадаваць суддзям. Я сказаў: “Глядзі, яе неадназначна ўспрымуць”.

Але другі яго сябра Аляксандр Камароўскі раіць не турбавацца — гэта тактыка самога Барадача.

Аляксандр Камароўскі: “Не трэба насцярожвацца. Барадач стары воін. І гінуць у крайнім выпадку нас вучылі ўсё жыццё. Але я думаю, што цяпер не той час. Яны варочаюцца начамі з-за тых людзей, якія зніклі. І не думаю, што ў іх узнімецца рука на Барадача. Гэта такая тактыка, стратэгія: знікнуць — а журналісты няхай думаюць”.

Такая ж пазіцыя і ў былога афіцэра, былога кіраўніка “Белага легіёна” Сяргея Чыслава. Паводле яго словаў, ідэя Барадача аб’яднаць ветэранаў баявых дзеянняў у недзяржаўную арганізацыю не прымусіць зацікаўленыя структуры зрабіць так, каб ён паўтарыў сумны лёс генерала Захаранкі з яго Саюзам афіцэраў.

Сяргей Чыслаў: “Тых, каго яны лічылі небяспечнымі, яны ўжо даўно закапалі. А наконт Уладзіміра яны разумеюць, што ён добры прамоўца, але ўласна сам ён нічым займацца не будзе. Я не думаю, што ён мог знікнуць — для гэтага трэба нешта рабіць сур’ёзнае”.

Адносна самога ліста Алег Воўчак кажа, што там напісана тое, пра што ўсе і так добра ведаюць. Але гэта добрая падстава нагадаць грамадскасці пра тое, што ў нашай краіне адбываецца. І гэта ніякім чынам не азначае, што Барадач стаў прыхільнікам Лукашэнкі.

Алег Воўчак: “Сам факт таго, што напісаны ліст наконт карупцыі на самым высокім узроўні, згаданыя прозвішчы палітзняволеных, зніклых — трэба смеласць мець, каб пісаць такія лісты. Але Барадач цалкам адэкватны. І калі людзі не разумеюць сарказму, не разумеюць, што ліст напісаны са здзекам, — я ж не вінаваты, што гэта людзі не так успрымаюць. Пасля тых матэрыяльных складанасцяў, затрыманняў, якія ён перажыў, ён не будзе з Лукашэнкам за руку вітацца”.

А Камароўскі нагадаў, што два гады таму дасылаў прэзідэнту ліст фактычна такога ж зместу, як і ў Барадача, і з такімі ж прапановамі па барацьбе з карупцыяй.

Аляксандр Камароўскі: “У Беларусі карупцыю ўзначальвае вертыкаль. І выкарчаваць яе няма ніякай складанасці. У нас ёсць план і мы знішчылі б гэтую карупцыю за тры месяцы. Але яна прыкрытая самім лідэрам — прэзідэнтам Лукашэнкам. Прыклад — Аўтуховіч. Ён жа сядзіць не за 5 патронаў. Дваццаць гадоў яму давалі! Ён наблізіўся да гродзенскай карупцыі. І ведае пра гэта і прэзідэнт, і яго сын Віктар, які курыруе ўсе спецслужбы”.

Вынікам ліста Камароўскага стаў адказ з Савета Бяспекі, у якім яму прапанавалі “супрацоўніцтва”, калі ў яго сапраўды будзе нейкая каштоўная інфармацыя. Тое ж, кажа, чакае і ліст Барадача. Згодны з такім меркаваннем і былы кіраўнік “Белага легіёна” Сяргей Чыслаў.

У той жа час былыя афіцэры не выключаюць таго, што ў Барадача могуць быць непрыемнасці з-за яго жадання аб’яднаць ветэранаў баявых дзеянняў у недзяржаўную арганізацыю. Такая ініцыятыва, кажа Сяргей Чыслаў, насцярожыць улады.

Сяргей Чыслаў: “Ім не падабаецца ўсё арганізаванае, дзе ёсць структура, дысцыпліна. Яны іх так і называлі — структуры двайнога прымянення. Менавіта таму з падачы Шэймана былі прыкрытыя ахоўныя агенцтвы. Менавіта гэтыя рэчы падаюцца мне ідэалізмам”.

Тое, што за такімі актыўнымі ветэранамі ўважліва сочаць спецслужбы, пацвердзіў і Аляксандр Камароўскі. Але нават гэта не тлумачыць нечаканага знікнення Барадача адразу пасля адпраўкі свайго нашумелага ліста прэзідэнту.


Даведка Еўрарадыё:

Палкоўнік Уладзімір Барадач — былы камандзір брыгады спецназу ў Мар'інай Горцы, быў паплечнікам генерала Юрыя Захаранкі, які знік у 1999 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі