Куды падзеліся 6 тысяч беспрацоўных: "Ну, дзесяць чалавек у пастухі пайшлі"

Куды падзеліся 6 тысяч беспрацоўных: "Ну, дзесяць чалавек у пастухі пайшлі"

На 6 тысяч чалавек менш беспрацоўных становіцца ва ўсёй краіне за два месяцы. У красавіку зарэгістраваных беспрацоўных было 53,5 тысячы, у чэрвені стала ўжо 47 тысяч.

Такія лічбы дае Белстат. Куды ўладкаваліся 6 тысяч чалавек за два месяцы? У мінскім цэнтры занятасці ў Малінаўцы з раніцы людна, каля двух дзясяткаў чалавек шукаюць працу.

На ганку двое беспрацоўных, каб атрымаць гэты статус, займалі чаргу з 7 раніцы. Скардзяцца на бюракратыю:

"Спярша ў адзін кабінет чаргу стаіш, пасля ў другі. Я толькі ў адным пакуль пабываў. Чэргі меншымі не сталі, можа, яшчэ і павялічыліся".

За чатыры гадзіны ён усё ж становіцца на ўлік. Яшчэ некалькі чалавек, якія ўжо на ім стаяць, "працу мары" праз цэнтр занятасці знайсці не спадзяюцца. Кантынгент тут суворы і нешматслоўны.

Некалькі чалавек проста шукае працу праз газету ці камп'ютар. На ўлік іх не бяруць, бо яны працаўладкаваныя, але мараць пра лепшае месца. Праз камп'ютар цэнтра занятасці шукаем "смачныя" вакансіі.

Ёсць прапановы стаць гендырэктарам і атрымліваць заробак, большы за тысячу долараў! Бізнес-аналітыкам і памочнікам кіраўнікоў прапануюць ад 400 да 700 рублёў.

Ва ўпраўленні па працы і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама таксама не заўважылі, каб беспрацоўных стала менш: "Усё так, як было раней".

Куды падзеліся 6 тысяч беспрацоўных: "Ну, дзесяць чалавек у пастухі пайшлі"

Цэнтр занятасці: Беспрацоўныя злыя цяпер. Усё з-за гэтага дэкрэта.

Каб стаць беспрацоўным у Мінску, трэба запісацца ў чаргу (!) за месяц.

А дзе ж 15 тысяч новых працоўных месцаў, пра стварэнне якіх заяўляў прэм'ер-міністр?

У Брэсцкай і Віцебскай абласцях беспрацоўе амаль перамаглі: за месяц на 5% менш.

"Цяпер каля 10 чалавек сышлі на лета пастухамі. Пасля яны вернуцца, але пачнецца ацяпляльны сезон, будуць вакансіі качагараў. Таксама будзем дадаткова вучыць на трактарыстаў", — распавядаюць мне ў цэнтры занятасці Шаркаўшчыны, у Віцебскай вобласці. На ўліку тут 87 чалавек, вакансій — толькі 28.

Лунінец ад беспрацоўных не ўратавалі нават сезонныя клубніцы. Беспрацоўных, наадварот, стала больш!

"Узровень у нас той жа, людзі ідуць. У параўнанні з мінулым годам нават больш беспрацоўных: 775 чалавек".

Выходзіць, перамога беспрацоўя — з'ява сезонная. Але раптам пастухі перавучацца на качагараў ці... гендырэктараў!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі