Куды падзеліся 3 мільярды міжнароднай дапамогі Косаву?

Цягам 10 апошніх гадоў Косава атрымала мільярды еўра міжнароднай дапамогі. Але ні заводаў, ні новых дарог, ні сістэмаў электра- і водазабеспячэння так і не было на гэтыя грошы ўведзена і пабудавана Па звестках Сусветнага банка, 40% жыхароў Косава жыве за мяжой беднасці — менш, чым на 2 долара ў дзень. Яшчэ 15% не маюць і таго — ім даводзіцца выжываць менш, чым на 1 долар ў дзень. 45% косаўцаў не маюць ніякай працы. Пенсія складае 45 еўра ў месяц для тых, хто адпрацаваў 15 год і 80 — у каго працоўны стаж большы. Але не гледзячы на гэта, на вуліцах не толькі сталіцы Косава Прышціны, але і гарадоў у рэгіёнах не заўважыш столькі бамжоў і жабракоў, як таго можна было б чакаць.





Незалежны эканаміст, дырэктар Інстытута перспектыўных даследаванняў Шпенд Ахмеці (Shpend Ahmeti) падчас сустрэчы з журналістамі з Беларусі, Украіны, Малдовы і Расіі патлумачыў гэта сваеасаблівай сацыяльнай сістэмай дапамогі ў Косава.

Шпенд Ахмеці: “Можна было б чакаць, што пры такім узроўні беднаты вялікая колькасць людзей памірае ад голаду. Але такого вы не ўбачыце. Справа ў тым, што яшчэ напрыканцы 90-х гадоў мы стварылі розныя структуры, якія дазволілі б нам выжыць ва ўмовах супрацьдзеяння з боку Сербіі. Мы стварылі вельмі сур’ёзную сацыяльную сетку. Ахарактарызаваць яе можна так: людзі не дадуць вам памерці. Калі вам не хапае грошай на ежу — хтосьці з вашых родных альбо суайчыннікаў вам дапаможа”.

Але амаль адразу прызнаўся, што якой бы звышдзейснай не была іх сістэма сацыяльнай дапамогі, без дапамогі з-за межаў краіны выжыць было б немагчыма — прамысловасць не працуе, сельская гаспадарка ў заняпадзе. Экспарт Косава налічвае усяго 150 мільёнаў еўра ў год. І ў пераважанай большасці гэта металалом. А імпартуе Косава тавараў у краіну на 1,5 мільярды еўра — амаль усё, што спажываюць.



Шпенд Ахмеці:
“Першая крыніца нашай падтрымкі — дыяспара. Каля 500 тысяч албанцаў жыве і працуе ў Еўропе і ЗША. Ад іх у краіну прыходзіць да 400 мільёнаў еўра штогод. Пачынаючы з 1999 года краіны свету “ўклалі” ў Косава звыш 3 мільярдаў еўра. Падпісаныя паперы наконт таго, што цягам трох наступных гадоў нам дадуць яшчэ каля 1,4 мільярдаў еўра. Ёсць яшчэ і прамое інвеставанне. З Саудаўскай Аравіі і ЗША. А колькі гэта — ніхто дакладна не скажа”.

Ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу самы вялікі ўдар эканаміст чакае ад албанскай дыяспары — яна альбо зусім перастане прысылаць грошы, альбо сумы будуць значна меншымі. Албанцы, як і ўсе астатнія людзі ў Еўропе і ЗША губляюць працу, ім скарачаюць заробкі альбо яны проста знаходзяцца ў чаканні гэтага і пачынаюць эканоміць і адкладаць.

Менавіта таму будучую стабільнасць агульнай сітуацыі ў краіне Шпенд Ахмеці бачыць не ў нацыянальна-этнічных, а ў эканамічных складніках.



Шпенд Ахмеці: “Усім міжнародным арганізацыям кажу пра тое, што дарэмна яны факусуюць сваю ўвагу толькі на міжэтнічных праблемах. Гэта не самая вялікая крыніца дэстабілізацыі ў Косава. А найбольш небяспечная эканамічная сітуацыя. Калі і ёсць нейкі шанец сур’ёзных беспарадкаў у Косава, то яны не будуць справакаваныя албанска-сербскімі ўзаемаадносінамі, а эканамічнымі праблемамі, з якімі сутыкнуцца ўсе. Больш трэба думаць не аб палітычнай інтэграцыі, а аб эканамічнай. Жыхары сербскага анклава пад Прышцінай Грэчаніцы выжываюць за кошт таго, што прадаюць у горадзе сваю сельгаспрадукцыю. Але цяпер стаіць пытанне не аб тым, каб спакойна прыехаць і з’ехаць ім з Прышціны, а каб, прыехаўшы, прадаць хоць што-небудзь”.

Эканамічнай незацікаўленасцю лічыць эксперт нежаданне сербаў Паўночнай Мітравіцы супрацоўнічаць з усім астатнім Косава.

Шпенд Ахмеці:
“Усе эканамічныя стасункі Паўночная Мітравіца мае з Сербіяй. Адтуль яны атрымліваюць усе тавары, электрычнасць, ваду. У іх няма ніякіх падстаў мець зносіны з косаўскімі албанцамі — няма зацікаўленасці. З эканомікі і эканамічнай незацікаўленасці пачынаюцца ўсе праблемы”.



Пры ўладзе ў Косава знаходзіцца пакаленне “змагароў за незалежнасць”. Яны паклалі на гэта жыццё, кажа Шпенд Ахмеці, і добра ўмеюць гэта рабіць. Але цяпер незалежнасць у краіны ёсць. Трэба думаць іншымі катэгорыямі — працы, электрычнасці, вады. Былыя змагары гэтага не ўмеюць. Ім трэба альбо змяніцца, альбо сыйсці. Бо іх “сыйдуць”. Другую перашкоду эканаміст бачыць у міжнароднай дапамозе.

Шпенд Ахмеці: “Нам далі ровар, але вакол столькі дапамагатых ехаць, што за імі нават ровара таго не бачна. Прыйшоў час нас адпусціць. Хай мы будзем памыляцца і падаць, але толькі так мы навучымся ездзіць”.



Дарэчы, вельмі цікава выглядае сітуацыя з тымі 3 мільярдамі еўра, якія міжнародная супольнасць выдзеліла Косава цягам апошніх 10 гадоў. Калі журналісты запыталіся, што на гэтыя грошы было пабудавана, колькі працоўных месцаў створана, якія прадпрыемствы адчыніліся, то пачулі, што каля 80% ад гэтых грошай былі патрачаня на міжнародных кансультантаў, экспертаў, палітдарадцаў, трэнінгі і семінары. Большасць таго, што сапраўды было зроблена — было зроблена на грошы мясцовыя і дзякуючы прамому інвеставанню.
А яшчэ, кажа Шпенд Ахмеці, пастаянная міжнародная дапамога вырасціла за 10 гадоў ў Косава цэлае пакаленне, якое не хоча працаваць.

Шпенд Ахмеці: “Прыклад: калі ў мяне ёсць брат, які працуе ў Нямеччыне, і які штомесяц прысылае мне 200 еўра, то я не пайду працаваць за 150 еўра, бо брат перастане мне прысылаць грошы, а я буду штодня працаваць па 8 гадзін. Так думае ў нас вельмі шмат людзей. Тое ж і са спецыялістамі. У нас безьліч міжнародных арганізацый і лепшыя мясцовыя спецыялісты працуюць там за 2 тысячы еўра. Яны не будуць працаваць на косаўскія ўлады, бо тыя не могуць плаціць ім больш, чым 200 еўра ў месяц”.

Па словах эксперта, у краіне не апрацоўваецца 50% зямлі, стаіць вытворчасць, у Косава незлічоныя радовішчы вугля. А 70% насельніцтва складае моладзь да 35 гадоў. Гэтым трэба зараз займацца, выкарыстоўваць і рапрацоўваць, а не працягваць “змагацца”. І не чакаць, пакуль міжнародныя эксперты падкажуць, што і як рабіць.



Глядзі таксама папярэднія рэпартажы і фотарэпартажы:


Манастыр за калючым дротам

Сербаў і албанцаў Мітравіцы збліжае толькі рок-школа для моладзі

“Няўстойлівы” праект незалежнасці Косава


Косава і Сербія ўвойдуць у ЕС, але паасобку


Пра тых, хто падтрымлівае парадак у Косава

Еўропа спрабуе “замаляваць” Косава на мапе ЕС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі