Крызіс адбіў кліентаў у Дзеда Мароза са Снягуркай

Беларусы адмаўляюцца ад карпаратываў у рэстаранах, не ездзяць на Каляды ў Прагу, не замаўляюць на Новы год Дзеда Мароза і Снягурку ды пераселі з таксовак на метро. Такі вынік даследавання Еўрарадыё – як эканамічны крызіс паўплываў на сферу абслугоўвання. Супрацоўніца турфірмы “Тысяча тураў” Надзея расказала, што беларусы сталі браць толькі самыя танныя туры, у асноўным па Беларусі. За мяжу амаль не ездзяць. Даводзіцца супрацоўнічаць з іншымі турфірмамі, каб запоўніць адзін аўтобус.

Надзея: “У прынцыпе, колькасць кліентаў паменшылася працэнтаў на 40. Таму што, прынамсі раней, праца перад Новым годам была дастаткова актыўная. Людзі ехалі не толькі ў цёплыя краіны, але і бралі ў асноўным навагоднія туры. Гэта як правіла Прага, Вільня, Польшча, сустрэча Новага году. Зараз вельмі мала. Грузім навагоднія туры ў камандзе з астатнімі турфірмамі для таго, каб хоць неяк хоць штосьці пайшло”.

Скардзяцца на жыццё ў час крызісу і сталічныя таксісты. Кажуць, калі раней кліенты даволі часта расплачваліся доларамі, то зараз яны ўжо даўно не бачылі валюты. Таксама стала менш замоваў.

Вось што расказаў Еўрарадыё намеснік начальніка службы таксі 184:

“Паменшылася прыкладна на 30%. Мы прынамсі спадзяемся, што глабальнага пагаршэння не прадбачыцца”.

Паменшала кліентаў і ў рэстаранах Мінску. У рэстаране “Траецкім” нам прызналіся, што па вечарах стала менш наведвальнікаў, а таксама арганізацыі адмаўляюцца ад карпаратываў, спасылаючыся на крызіс.

Рэстаран “Траецкі”: “Народу стала менш. Перад Новым годам і пачаткам карпаратываў увогуле бывае не так шмат людзей па вечарах. Але крызіс уплывае, так. Некаторыя кампаніі адмаўляюцца святкаваць навагоднія святы. Тое, што ад навагодніх карпаратываў адмаўляюцца, гэта, вядома, дзікавата. Так і кажуць - крызіс”.

І нават бедныя Дзед Мароз са Снягуркай застаюцца пад Новы год не пры справах. Прыкладна на палову скарацілася колькасць замоваў, расказала Еўрарадыё Снягурка Вераніка. Нават пастаянныя кліенты абяцалі патэлефанаваць - і вось яшчэ дагэтуль маўчаць.

Вераніка: “Ну, напэўна, на 50% менш. Мы вось якраз сёння збіраемся нашым пастаянным кліентам тэлефанаваць, пытацца. Яны кожны год нас клічуць. І казалі, што абавязкова яшчэ паклічуць, толькі працуйце. І пакуль яшчэ ніхто не тэлефанаваў. Мяне гэта вельмі здзіўляе”.

Варта зазначыць, што выклік Дзеда Мароза і Снягуркі на паўгадзіны дадому каштуе ад 25 да 50 долараў.

Некаторыя кампаніі, мабыць, не хочуць псаваць імідж, альбо сеяць паніку. Там кажуць – усё як звычайна, і крызіс іх не закрануў. Аднак перад гэтым, напрыклад, у турфірме “Стартрэвэл” нам сказалі: “А хто ж вам праўду скажа”?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі