Крэдыты ў беларускіх рублях узяць немагчыма?

“Пріорбанк” праз агенцтва “Інтэрфакс” распаўсюдзіў інфармацыю аб спыненні выдачы насельніцтву крэдытаў у беларускіх рублях.
Прычына гэтага, па версіі прадстаўнікоў банка, — вузкасць і дарагоўля грашовага рынку. Цікава тое, што на афіцыйным сайце банка інфармацыі аб спыненні крэдытавання няма.

Па чутках, пазыку ў нацыянальнай валюце не даюць і іншыя банкі. Аб тым, што крэдыт узяць нельга, звычайнаму беларусу немагчыма даведацца не толькі з інтэрнету, але і пазваніўшы ў банк.

- Алё.
- Добры дзень, скажыце, калі ласка, у вас крэдыт узяць можна?
- Вы тэлефануйце ў панядзелак. Мы ўжо не працуем.
- Але ўвогуле гэта магчыма, так?
- Не, вы тэлефануйце ў панядзелак, вам усё раскажуць.

З-за чаго спынілася выдача крэдытаў? Эканамічны аглядальнік “Белгазеты” Сяргей Жбанаў патлумачыў нашаму радыё, што з 17 студзеня бягучага году Нацбанк падняў стаўкі падтрымання ліквіднасці, то бок, магчымасці актываў установаў ператварацца ў грошы. З-за гэтага банкі пачалі выдаваць крэдыты фактычна сабе ў страту. Працягвае Сяргей Жбанаў:

“І гэта толькі адзін бок праблемы — стратнасць аперацый у беларускіх рублях. Праблема ў тым, што проста не хапае ліквіднасці. А гэтая праблема нашмат глыбейшая і шырэйшая. І яна сапраўды звязаная з праблемамі, якія выцякаюць з новых умоваў гандлю энерганосьбітамі”.

Праблемаў, магчыма, можна было б пазбегнуць, калі б своечасова адрэагаваць на іх. Аднак улады прадказальна робяць выгляд, што нічога не адбываецца. Маўляў, абмежаванне аб’ёмаў крэдытавання дазволіць стрымліваць рост беларускай грашовай масы і падтрымліваць курс нацвалюты ва ўмовах недастатковасці золатавалютных рэзерваў.

Натуральна, стрымліваць рост нацыянальнай грашовай валюты давядзецца. Крэдыты ў беларускіх рублях, відавочна, выгадныя. Аднак яны звычайна ідуць на пакупку замежнай валюты, на якую, у сваю чаргу, беларусы і набываюць тэхніку ды іншыя рэчы.

Такім чынам, ужо сёння можна меркаваць пра недастатковасць замежнай валюты ў нашай краіне. Якія наступствы гэтай сітуацыі нас чакаюць, разважае Сяргей Жбанаў:

“Натуральна, сітуацыя добрым бокам не абернецца. Таму што калі банкі не будуць крэдытаваць, то бок, заключаць новыя крэдытныя дамовы, то гэта ж відавочна, што ўсе гэтыя планы, якія сёння завязаны, яны, як кажуць, павінны падтрымлівацца свежай фінансавай крывёю.

Я маю на ўвазе планы прадпрыемстваў. Іх проста ніхто не выканае. Ды яны ўвогуле будуць стаяць на адной мёртвай кропцы, таму што на абаротных сродках — так пабудаваная эканоміка — ні гандаль, у якога ёсць нарматывы ўласных сродкаў, як вядома, ні вытворчыя прадпрыемствы, у які таксама ёсць нарматывы ўласных сродкаў для забеспячэння свайго абароту, не выжывуць.

Я маю на ўвазе як нарматывы абаротных сродкаў, так і для капітальных аперацый, тым больш. Там увогуле казаць не даводзіцца. Гэта значыць, наступствы гэтага могуць быць самыя рознабаковыя і сумныя”.

Цалкам відавочна, што крэдытна-фінансавая сістэма функцыяваць у ранейшым рэжыме не можа. І банкі лічаць лагічным стрымаць выдачы крэдытаў.

Ці варта беларусам чакаць зменаў у паводзінах улады і банкаў? Пакуль мы шукаем адказ, людзі шукаюць долары ў абменных пунктах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі