Вы тут

"Конікі бягуць": як у Давыд-Гарадку адгулялі Шчадрэц

Еўрарадыё

Ужо больш за сто гадоў увечары 13 студзеня па Давыд-Гарадку бегаюць "Конікі" — гэта традыцыйны абрад, які летась атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

У Шчодры вечар пад стары Новы год з шафаў і сямейных куфараў дастаецца абрадавая атрыбутыка — маскі барана, казы, смерці, мядзведзя, чорта, бусліка, быка, воўка, крылы анёла, вопратка Дзеда і Бабы ды вершніка, які едзе па мястэчку на коніку. Коніка робяць з двух злучаных між сабой лазовых кошыкаў, морду і шыю — з валёнка, на які нацягваецца белая тканіна — "коленшчына" па-мясцоваму, вочы малююць вугалем.

Як толькі на небе з'яўляецца першая зорка, па мястэчку ляліць гук рога і дае старт святу. Гуртоў, на чале якіх бяжыць конік, у Давыд-Гарадку ў гэты вечар багата. Яны спыняюць машыны і мінакоў і просяць гасцінцы. І натуральна, ходзяць па дварах: пад вокнамі, з дазволу гаспадароў, спяваюць толькі адну песню — “Там стаяла сосна тонка, высока. Шчодры вечар!”, танчаць пад гармонік ды бубен, жадаюць дабра, багацця і “коб за год дождалі”. Калі гаспадары не хочуць прымаць "Конікаў", то ў хаце выключаюць святло. Але такіх няшмат: на Палессі дагэтуль людзі чакаюць дзяцей і дарослых, якія ходзяць у Каляду ці Шчодрыка, рыхтуючы напярэдадні гасцінцы ды грошы. 

"Скарбнік (той, хто насіў "дары" і заходзіў у хату па пачастункі і грошы. — Рэд.) першы ўваходзіў у кожную хату, Бусел выхваляўся доўгай чырвонай дзюбай, Баран паказваў крутыя рогі, Дзед граў на гармоніку, Баба патрэсвала шанькай, высокая Смерць у белым балахоне весела пагражала драўлянай касой, Чорт скакаў на дзеркачы, Казёл біў у бубен, Мядзведзь штосілы дзьмуў у рог... Усё шчырае і крыху страшнае, знаёмае і кожны раз нязвыклае, зразумелае і поўнае таямніцы... З прытупамі, скокамі і прычворамі, як кажуць у Давыд-Гарадку, бегалі ўвесь вечар ад хорткі да хорткі (ад вакна да вакна), ад хаты да хаты... Бегалі да позняй ночы, а то і ўсю ноч. У нас так і кажуць “конікі бегалі”. Яны і зараз бегаюць, нават цяжка палічыць, колькі ж гуртоў збіраецца штогод у Давыд-Гарадку!" — згадвае паэт Леанід Дранько-Майсюк, які нарадзіўся ў Давыд-Гарадку і ў дзяцінстве сам удзельнічаў у абрадзе.

Цікава, што ў "Конікі" дагэтуль ходзяць цэлымі сем'ямі і вуліцамі. У той жа час сваё свята ладзіць і мясцовы Дом культуры, запрашаючы ў Давыд-Гарадок розныя калектывы з Беларусі і нават артысты Імперскага рускага балета. Усе гурты сустракаюцца на вуліцах. Дзіўнае карнавальнае шэсце працягваецца да поўначы. Глядзіце, як гэта было сёлета.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.