Koda G9 "In Bosom"

120627 Agljadacha.mp3

Дыск гамельчукоў Koda G9 "In Bosom" у чарговы раз пацвярджае, што можна зрабіць сапраўды якасны запіс і ў тутэйшых, так бы мовиць “хатніх” умовах. Не абавязкова для гэтага здымаць крутыя студыі, ехаць за мяжу і плаціць неверагодныя грошы. Кружэлка пост-гранжараў атрымалася вельмі драйвовай, энергічнай ды яскравай. Тыя, хто валодае англійскай мовай, без пытанняў могуць нават словы разабраць. Праўда, рабіць гэтага я б не раіў, каб не расчаравацца. Тэксты ў хлопцаў вельмі простыя, празрыстыя, можа нават і дзіцячыя, як кажуць, “у лоб”. Хоць, з іншага боку, калі прыслухоўвацца да словаў песень замежных рок-зорак, то захапленне выклікаюць рэдкія з іх.

Відавочна, што найбольшую ролю музыкі надаюць гучанню. Гук сапраўды шчыльны, нават тлусты, можна сказаць. Вось толькі за ім хаваецца, на мой погляд, не да канца развітая музычная ідэя. Часта падаецца, што вось яно, вось зараз будзе развіццё… але – не! Цалкам магчыма, што хлопцы рабілі так наўмысна і першыя некалькі разоў гэта нават працавала на іх карысць. Але потым гэтае чаканне стамляе, і ў пэўным сэнсе расчароўвае.

Стылістычна ды па гучанні гамельчукоў можна смела параўноўваць з гуртамі Soundgarden, Audioslave, Nickelback, тым больш, што першыя два створаныя вакол аднаго чалавека, Крыса Корнэла, а апошні часта называюць іх паслядоўнікам. Менавіта з гэтай нагоды варта асобна адзначыць вакал Кірыла Бабушкіна, які не тое, каб дадае, а робіць гэтае падабенства безумоўным. Манера выканання, падача і сіпатая эратычнасць вышэй згаданага Корнэла напрыканцы 90-х даводзіла да аргазму хіба не палову жаночага насельніцтва Захаду. Тады ж з’явілася шмат гуртоў-клонаў, а такі вакал па зразумелых прычынах пачалі называць MTV-шным. Шчыра шкадую, што калектыў Koda G9 з’явіўся толькі цяпер, яшчэ год 10-12 таму заходнія кантракты беларусам былі б забяспечаныя.

Парадавала наяўнасць на дыску "In Bosom" балады “Farewell”. Нельга сказаць, што яна кранае да глыбіні душы, але дакладна –  чапляе. Здзіўляе нечаканае з’яўленне напрыканцы трэка жаночага вакалу. Цікавы крок, магчыма, варта б было карыстацца ім часцей. Ды і ўвогуле варта б было дадаваць у песні вось такіх нечаканасцяў, некласічных, нязвыклых прыёмаў для абранай музычнай стылістыкі.

Замест P.S. хацелася б пажадаць поспехаў гомельскім альтэрнатыўшчыкам Koda G9. Натуральна, яшчэ ёсць над чым працаваць, але сапраўды моцны патэнцыял здольны заўважыць кожны, тым больш, калі ён аматар падобнай музыкі.

Трэк-ліст:
1. Loser
2. Somg #4
3. Narrow Loop
4. In Bosom
5. Farewell
6. Song #6 (Fear)
7. Black Song
8. Rock'n'Roll'a
9. A.H.

Музыка і словыKoda G9

Склад гурта:
Кірыл Бабушкін – вакал
Васіль Кода-Чыраскін – гітара
Шура Дробніца – бас
Улад Грышчанка – бубны

Бралі ўдзел у запісе:
Арцём Казлоў – гітарнае сола (8)
Екацярына Мадатава і Кацярына Шапавалава – бэк-вакал (5)

ЗапісСлава Карнаўшанка (Green Records)
Звядзенне, майстарынг Артур Сцяпанаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі