Вы тут

Кобрынскага міліцыянта судзяць за тое, што зламаў нагу 59-гадоваму вяскоўцу

Кадр з відэасюжэту

У Кобрыне пачаўся суд над участковым міліцыянтам Сяргеем Куляшовым, перадае "Белсат". Яго вінавацяць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў і нанясенні цялесных пашкоджанняў. Як кажа пацярпелы, міліцыянт збіў яго без усялякай прычыны.

Паведамляецца, што 18 сакавіка 59-гадовы Анатоль, жыхар вёскі Бярозна Кобрынскага раёна, вяртаўся з пахавання братавай жонкі. Ён не дайшоў да свайго дома каля 50 метраў, калі яго "падрэзаў" міліцэйскі УАЗік. Участковы Куляшоў выйшаў з машыны і, па яго словах, прапанаваў нецвярозаму вяскоўцу праехаць у аддзел міліцыі. Аднак мужчына ехаць у міліцыю не захацеў, у выніку чаго ў яго была зламаная нага.

Як кажа брэсцкі журналіст і блогер Сяргей Пятрухін, міліцыянт прапаноўваў Анатолю 700 долараў, каб замяць гісторыю з пераломам. Аднак вясковец звярнуўся са скаргай у праваахоўныя органы.