"Клеапатра", аб якой марыў Елізар'еў, у адноўленым тэатры пастаўлена не будзе

Еўрарадыё даведалася, як працаўнікі опернага тэатру бачаць сваё існаванне без былога кіраўніка, дзе зараз маэстра Валянцін Елізар'еў і што будзе з яго новай пастаноўкай Ужо амаль месяц прайшоў з часу адстаўкі мастацкага кіраўніка опернага тэатра Валянціна Елізар'ева. Нагадаем, паводле слоў маэстра, яна была выклікана рашэннем Міністэрства культуры, якое спачатку прапанавала яму ўзначаліць увесь тэатр, але пасля вырашыла, што можа даверыць Елізар'еву толькі кіраўніцтва балетам. Ён з паніжэннем не згадзіўся і напісаў заяву аб сыходзе.

Пасля скандалу намеснік міністра культуры Беларусі Ўладзімір Рылатка, выступаючы на тэлебачанні ў праграме "Контуры", абмовіўся, што дзяржава чакае, што Елізар'еў вернецца. Але ці чакаюць гэтага ў тэатры? З гэтым пытаннем Еўрарадыё звярнулася да Юрыя Траяна, які займае пасаду галоўнага балетмайстра.

Юрый Траян: "Не ведаю. Я не магу за Елізар'ева адказваць. Зараз беларускім балетам кірую я. Мяне прызначылі на гэтую пасаду яшчэ ў лістападзе 2008 году. Гэта было зроблена яшчэ пры Валянціне Мікалаевічы Елізар'еве".

Салістка балета Вольга Гайко гаворыць, што Елізар'ева трэба вярнуць любымі сродкамі, таму што ўзровень тэатра без яго кіраўніцтва можа знізіцца.

Вольга Гайко: "Вядома, тэатр будзе працаваць і без Елізар'ева, але ў якім гэта будзе выглядзе і ці не будзе гэта на нізкім узроўні - пакажа час. Калі ў людзей хопіць разумення таго, што гэтую трупу зрабіў Елізар'еў, я спадзяюся, што яго вернуць любымі сродкамі. Такога ўзроўню чалавека, прафесіянала ды менеджэра пакуль у краіне няма. Немагчыма раскідвацца такімі людзьмі, гэта вышэй разумення ўсёй балетнай трупы".

Вольга Гайко распавяла, што першапачаткова тое ж Міністэрства культуры не мела ніякага кандыдата на пасаду генеральнага дырэктара тэатру, акрамя маэстра. Але потым, як гаворыць сам Елізар'еў, ён стаў непажаданы.

Паводле слоў Вольгі Гайко, пасля ўсяго, што здарылася, балетная трупа знаходзіцца не ў лепшым эмацыйным стане.

Вольга Гайко: "Калі ён развітваўся з намі, рыдала ўся трупа. Гледзячы ў яго вочы, адчувалася, што ён папросту ў шоку. Не магу гаварыць за ўвесь тэатр, але ў балетнай трупы настрой вельмі апатычны. Елізар'еў узначальваў беларускі балет 36 год. Трупа прадстаўляла імідж Беларусі на міжнародных пляцоўках, на ўсіх гастролях, мы працавалі з сусветна вядомымі імпрэсарыё".

Апошнія гады Валянцін Елізар'еў марыў паставіць на сцэне адноўленага тэатра балет "Клеапатра". Але зараз, відаць, гэты праект не ажыццявіцца, гаворыць мастацтвазнаўца Таццяна Цюрына:

"Што будзе з гэтай ідэяй, таму што як такога балета яшчэ няма - невядома. Хутчэй за ўсё "Клеапатра" не будзе пастаўленая, таму што Валянцін Елізар'еў ужо звольнены. Зараз ён па запрашэнні сяброў паехаў у Шатландыю, каб крышку адпачыць".

Пакуль Валянцін Елізар'еў знаходзіцца за мяжой, а чыноўнікі вырашаюць, як зрабіць так, каб ён кіраваў нацыянальным балетам, але не меў дачынення да адміністрацыйных спраў тэатра, оперны пераязджае ў адрамантаваны будынак. Першы спектакль будзе ўжо 8 сакавіка, гаворыць балетмайстар Юрый Траян:

"Адкрыццё тэатра запланаванае на 8 сакавіка. Будзе вялікі сумесны канцэрт оперы і балета. Будуць фрагменты з спектакляў, арыі, дуэты, варыяцыі. Думаю, канцэрт будзе вельмі цікавы".

Фота - БЕЛАПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі