Кіслароду на "Тытане" засталося на пару гадзін, ратавальнікі актывізавалі пошукі

Батыскаф "Тытан" / Reuters
Батыскаф "Тытан" / Reuters

У Атлантычным акіяне актывізаваліся пошукі зніклага батыскафа "Тытан", піша Reuters. Судна кіравалася да абломкаў "Тытаніка" і знікла. Напярэдадні з'явілася інфармацыя пра падводныя шумы, якія зафіксавалі канадскія ратавальнікі з дапамогай гідраакустычных буёў. Да месца адправілі падводныя пошукавыя апараты з дыстанцыйным кіраваннем. Але батыскафа не знайшлі. "Калі вы знаходзіцеся ў разгары пошукава-выратавальных работ, у вас заўсёды ёсць надзея", — сказаў капітан берагавой аховы Джэймі Фрэдэрык на прэс-канферэнцыі ў сераду. Ён не змог растлумачыць, што гэта былі за шумы. У берагавой ахове ЗША не выключаюць, што гукі маглі ісці не ад "Тытана".

Сёння ўжо пяты дзень, як шматнацыянальная пошукавая група шукае зніклы батыскаф — барозніць мора і неба над месцам крушэння "Тытаніка". Сёння ўдзень на борце зніклага судна можа скончыцца кісларод. 

UPD. Па дадзеных на 14:30 (мінскі час), кісларод на батыскафе "Тытан" скончыўся. Гэта значыць, што ўсе людзі на ім, хутчэй за ўсё, ужо да таго моманту загінулі.

Падводны апарат "Тытан" памерам з мікрааўтобус пачаў спуск раніцай у нядзелю. За дзве гадзіны ён мусіў дабрацца да рэшткаў "Тытаніка", але страціў сувязь са сваім надводным суднам падтрымкі. Вядома, што на борце знаходзіліся пілот і чатыры турысты, у тым ліку мільярдэр Хэміш Хардынг, бізнес-магнат пакістанскага паходжання Шахзада Дауд з 19-гадовым сынам Сулеманам (абодва — грамадзяне Вялікабрытаніі). Паведамлялася таксама, што на борце знаходзяцца 77-гадовы французскі акіянограф і найбуйнейшы эксперт па "Тытаніку" Поль-Анры Наргеале і Стоктан Раш, заснавальнік і выканаўчы дырэктар OceanGate, кампаніі, якой належыць батыскаф. Пазней стала вядома, што жонка Стоктана Раша — праўнучка пары, якая загінула на "Тытаніку".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі