Кіроўцы аб’явілі “Яндэксу” ўльтыматум: "Расійскі сервіс — усё праз адно месца"

Кіроўцы аб’явілі “Яндэксу” ўльтыматум: "Расійскі сервіс — усё праз адно месца"

У ліпені 2018 года Uber у Беларусі стаў часткай сервісу “Яндэкс.Таксі”. Пасажыры, якія раней карысталіся “Уберам”, адразу пачалі скардзіцца на праблемы з сервісам: узровень аўтамабіляў і якасць абслугоўвання сталі нязвыкла нізкімі, а кіроўцы часта адмаўляліся ад аплаты карткай і патрабавалі наяўныя грошы. Але пазней сітуацыя быццам бы выправілася: сцярпелася, злюбілася.

Цяпер сервісам “Яндэкс.Таксі” не задаволены транспартныя кампаніі-перавозчыкі, якія раней працавалі з “Уберам”. Адзін з кіроўцаў распавядае Еўрарадыё пра ўльтыматум, які яны паставілі “Яндэксу”. Яго сутнасць — вяртайце ўсё, як было, бо далей так працаваць нельга.

“Мы церпім страты, — кажа ён. — Уявіце сабе: каса зменшылася ў сярэднім на 100 рублёў за дзень. У кожнага кіроўцы”.

У некалькіх транспартных кампаніях Еўрарадыё адказалі, што ўмовы, якія прапануе “Яндэкс.Таксі”, іх цалкам задавальняюць. Але прадстаўнік аднаго з партнёраў дыспетчарскай службы пагадзіўся назваць Еўрарадыё пяць асноўных пунктаў, якімі больш за ўсё не задаволеныя перавозчыкі.

1. Павялічыліся тарыфы

Адразу пасля аб’яднання дзвюх сервісаў змяніліся тарыфы, якія агрэгатар прапануе перавозчыкам. Спачатку яны былі меншымі, чым у Uber, аднак потым сістэма выплат ускладнілася:

"Першы час памяняліся тарыфы. Напачатку нібыта толькі 15% забіраў “Яндэкс.Таксі” ў перавозчыка. Але цяпер сістэма стала нашмат складаней, чым было ў Uber. Я нават не змагу растлумачыць усіх нюансаў. Але з таго, што я бачу, “Яндэкс.Таксі” зараз забірае больш чым 15%, і мне нават цяжка сказаць, колькі менавіта".

2. Затрымкі з выплатамі

“Яндэкс.Таксі” затрымлівае выплату грошай перавозчыкам. Такое было і пры Uber, але, па словах суразмоўцы Еўрарадыё, цяпер гэта стала здарацца часцей. Пры гэтым сервіс не дае выразнай зваротнай сувязі для кіроўцаў, прапаноўваючы пісаць на электронную пошту:

"Раней таксама былі затрымкі з выплатамі. Але не так часта, як зараз. Акрамя гэтага цяпер ёсць ліміт у $200, якія ты мусіш набраць. Калі не набіраеш — выплаты не будзе. Часам выплат проста няма з нейкіх там прычын, а з якіх — на гэтыя пытанні ніхто не адказвае. Таму што толкам ніякай падтрымкі няма, усё праз электронную пошту. Увогуле расійскі сервіс — усё праз адно месца. Пакуль працуем, але вялікага жадання працягваць супрацоўніцтва з імі ў нас няма. Але і альтэрнатывы мы пакуль не бачым".

3. “Яндэкс.Таксі” не гарантуе выплат за паездкі

Пасля аб’яднання Uber і “Яндэкс.Таксі” за паездкі стала можна разлічвацца не толькі карткай, але і наяўнымі. Прычым спосаб аплаты можна было змяніць падчас паездкі, чым карысталіся некаторыя хітрыя пасажыры.

"Яндэкс не гарантуе выплату па паездках, па якіх яны не змаглі зняць грошы з карткі кліента. Гэтым карысталіся некаторыя пасажыры. Падчас паездкі яны мянялі ўмовы аплаты з безнаяўных грошай на наяўныя, а кіроўца па інерцыі чакаў аплату па картцы, завяршаў паездку і выпускаў іх з машыны без аплаты. Так некаторыя перавозчыкі згубілі па некалькі сотняў долараў".

Кіроўцы аб’явілі “Яндэксу” ўльтыматум: "Расійскі сервіс — усё праз адно месца"

4. Падчас святаў працаваць немагчыма

Новы мабільны дадатак "Таксометр", якім карыстаюцца кіроўцы “Яндэкс.Таксі” і Uber, не вельмі зручны:

"Мабільны дадатак не вельмі прадуманы. Калі побач шмат людзей, якія выклікаюць машыну, ён проста вісіць. Трэба ад'ехаць за пару кіламетраў, каб ён пачаў працаваць. Падчас святаў працаваць проста немагчыма".

5. Не хапае тэхнічнай падтрымкі з боку “Яндекс.Таксі”

Калі пачалося аб’яднанне двух сервісаў, перавозчыкам ніхто нічога асабліва не тлумачыў. Тэхнічнай падтрымкі не хапае і зараз, кажа суразмоўца Еўрарадыё:

"Пераход быў вельмі неарганізаваны. Калі базы аб'ядноўваліся, тэхнічнай падтрымкі не было. Новае прыкладанне глючыць. Кіроўцы сыходзяць ад перавозчыкаў, у тым ліку з-за гэтых неаплачаных паездак. Ужо збольшага мы і самі разабраліся, але ўсё стала нашмат складаней і заблытаней”.

“Яндекс”: калі нешта не задавальняе  заўсёды можна пагаварыць

Еўрарадыё запыталася ў кампаніі “Яндекс”, ці ведаюць там пра ўльтыматум і што думаць наконт прэтэнзій з боку перавозчыкаў.

Неўзабаве мы атрымалі адказ з прэс-службы кампаніі:

“Пра такое [ультыматум.  Еўрарадыё] не чулі. У нас пастаянны дыялог з партнёрамі. Калі ўзнікаюць пытанні ці што-небудзь не задавальняе, заўсёды можна пагаварыць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі