Кіраўнік Віцебшчыны загадаў фарбаваць аўтобусы ў небяспечны колер

Віцебскія прадпрыемствы, што займаюцца пасажырскімі перавозкамі, ўзяліся за пераафарбоўку транспартных сродкаў. Фарбуюцца дружна — бо на загад. Перафарбаваць аўтобусы, маршрутныя таксі, трамваі ды тралейбусы загадаў новы старшыня аблвыканкама Аляксандар Косінец. Ён вырашыў, што гарадскія аўтобусы павінны быць толькі зялёнымі, трамваі — толькі чырвонымі, тралейбусы — бела-блакітнымі, а маршруткі — жоўтымі. Матывацыя — каб людзі адразу разумелі, што такое пад’язжае да прыпынку і не блыталі грамадскі транспарт з, напрыклад, службовымі аўтобусамі розных арганізацый.

Апытаўшы некалькі кіроўцаў ды пасажыраў, атрымліваю ў адказ, што ніхто і раней не блытаў трамвай з тралейбусам і не калаціўся у дзверы службовых аўтобусаў з патрабаваннем давезці дадому.

Але ёсць і іншы бок праблемы. Апошнім часам віцебскія транспартныя прадпрыемствы прыдбалі шмат новай тэхнікі. Заводы, што вырабляюць транспарт, фарбуюць яго у розныя колеры. Калі зараз машыны перафарбаваць, то гэтым анулююцца гарантыйныя абавязкі вытворцаў. Дый у капейчыну стане перафарбоўка. У заводскіх умовах гэта каштуе 10-15 мільёнаў. Калі прадпрыемства фарбуе трамвай ці тралейбус сваімі сіламі, то — у 1-2 мільёны. Але атрымліваецца няякасна і непрыгожа.

Зрабіць усё загадана да 1 чэрвеня. Дзяржаўныя прадпрыемствы фарбуюцца моўчкі, без каментарыяў. А вось прыватнікі, ўладальнікі маршрутных таксі, не хаваюць абурэння. Так, уладальнік трох мікрааўтобусаў Валеры Басавец скардзіцца, што перафарбоўка кожнага стане яму ў тысячу долараў. Да таго ж, на перафарбаваныя аўтамабілі давядзецца пераафармляць тэхпашпарты. Другі ўладальнік маршрутак у прыватнай размове прызнаўся, што калі палова ягоных аўтамабіляў не мела б правільнага колеру, ён наогул закрыў бы прадпрыемства.

Дарэчы, зялёны колер, у які прапанавана перафарбаваць муніцыпальныя аўтобусы, лічыцца адным з самых небяспечных у плане аварыйнасці. У дарожна-транспартныя здарэнні чамусьці часцей за іншыя трапляюць менавіта зялёныя аўтамабілі.


Фота — ByMedia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі