Вы тут

Кіраўнік Рассельгаснагляду лічыць, што Беларусь палітызуе харчовыя забароны

Сяргей Данкверт / minpromtorg.gov.ru

Беларусь палітызуе санкцыі, якія Расія ўводзіць супраць яе харчавання. Такое меркаванне кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт выказаў у інтэрв'ю на тэлеканале НТВ.

Па яго словах, беларускія чыноўнікі палітызуюць пытанне санкцыяў, каб павысіць свой аўтарытэт у дзяржаве. Калі б яны займаліся навядзеннем парадку, то карысці было б больш, дадаў Данкверт. Кіраўнік Рассельгаснагляду кажа, што па пытаннях санкцыяў супраць беларускіх прадуктаў яму даводзіцца кантактаваць у тым ліку і з беларускімі дыпламатамі. 

Таксама чыноўнік паскардзіўся на закрытасць інфармацыі ў Беларусі: "Вось мы не можам у беларускіх калег паглядзець сістэму ранняга апавяшчэння ў электронным выглядзе, што яны знайшлі і куды гэта пайшло. А яны ў нас могуць паглядзець. Беларускія калегі маюць доступ да лабараторнай сістэмы "Веста", дзе ўсе дзеянні: хто браў пробу, у якой лабараторыі праводзіў, які лабарант, якія методыкі, у які час — усё запісана".

Згадаў Данкверт і пастаўкі праз Беларусь украінскіх прадуктаў, забароненых для ўвозу ў Расію. Па яго словах, "украінская бялкова-тлушчавая прадукцыя", прывезеная ў колькасці мінімум 100-120 тысяч тон, прычыніла расійскаму рынку "мільярдныя шкоды". У тым ліку амаль абваліла расійскі малочны рынак.