Вы тут

Кіраўнік МЗС і прадстаўнік Ватыкана абмеркавалі рэлігійную нецярпімасць

Антэ Ёзіч і Уладзімір Макей / МЗС Беларусі​

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей сустрэўся з Апостальскім нунцыем у Беларусі, арцыбіскупам Антэ Ёзічам.

Бакі абмеркавалі ў тым ліку гуманітарнае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дзвюх дзяржаў у рамках міжнародных арганізацый, паведамляе МЗС.

Макей заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці канструктыўнага супрацоўніцтва з Ватыканам.

Акрамя таго, ён падкрэсліў непахіснасць афіцыйнага падыходу ў дачыненні да Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, недапушчальнасць распальвання рэлігійнай нецярпімасці і важнасць захавання ў краіне этна-канфесійнай згоды ў цэлым.

"У дадзеным кантэксце не варта надаваць ніякага значэння асобным, выключна суб'ектыўным, спробам намаляваць сітуацыю інакш", — адзначае МЗС. 

Раней Еўрарадыё паведамляла пра тое, што 7 верасня дзяржаўная газета "Мінская праўда" выйшла з карыкатурай на каталіцкіх ксяндзоў, якія робяць з крыжа свастыку і спяваюць "Магутны Божа". Малюнак быў размешчаны на першай паласе газеты.

Выхад гэтай карыкатуры пракаментаваў у Фэйсбуку прэс-сакратар Каталіцкага касцёла ў Беларусі Юрый Санько. Ён расцаніў гэты малюнак як плявок у твар мільёнам каталікоў.

А біскуп Юрый Касабуцкі заявіў, што матэрыял з карыкатурай на каталіцкіх святароў, апублікаваны ў дзяржгазеце, не павінен заслугоўваць такой увагі.

Тым не менш біскуп палічыў важным яшчэ раз пазначыць сваю пазіцыю адносна тэм, якія закранула дзяржаўная газета: "Я заўсёды выступаў супраць гвалту, катаванняў, несправядлівасці, хлусні, рэпрэсій. Я не змяню гэтага свайго погляду, нягледзячы на пагрозы, шантаж і падобныя рэчы, з якімі мне даводзіцца сутыкацца".

Біскуп нагадаў, што "бел-чырвона-белы сцяг — гэта ў хрысціянскай сімволіцы знак і сімвал уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолагаў, якія сёння шукаюць "аргументы "супраць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.