Вы тут

Кіраўнік МУС Караеў: ідзе вайна, а мы яшчэ разгойдваемся?

Юрый Караеў / Еўрарадыё

Міністр унутраных спраў Юрый Караеў 28 кастрычніка адказаў на пытанні аб пратэстоўцах і паводзінах міліцыі. Відэа размовы размясціў журналіст "Беларусь 1" Андрэй Крывашэеў. Выбралі галоўныя цытаты міністра.

— На баку мітынгоўцаў выступаюць усякія людзі: і спартыўныя маладыя людзі, і футбольныя фанаты, анархісты, і тыя, хто падумаў, што ў віртуальных баях, стралялках усё ўмее, — ахарактарызаваў Караеў удзельнікаў пратэсных акцый.

Па словах міністра, ёсць тыя, хто ўсведамляе наступствы сваіх дзеянняў, але ёсць і тыя, хто не разумее, "што з ім будзе фізічна, юрыдычна і як ён сваё жыццё ў далейшым пакалечыць або спыніць".

Караеў расказаў, што каля тысячы замежнікаў спрабавалі заехаць у Беларусь, але Дзяржаўны памежны камітэт спыніў гэтую плынь. Цяпер міліцыя бачыць "адзінкавыя выпадкі прысутнасці інструктараў".

— Мы іх лёгка знаходзім і нейтралізуем — гэта тэрарысты-пачаткоўцы. Хацелася б, каб гэта актыўна асвятлялася: у дачыненні да іх не да таямніц следства і не да такту.

Затрымліваюць сілавікі на акцыях, па словах Караева, і тых, хто трапляў пад амністыю.

— Тыя, хто не зразумеў добразычлівасци і міласэрнасци дзяржавы да іх, не ацаніў гэтага гуманнага кроку... хай потым не шчабечуць, пра што думалі, пра што не думалі.  Паўторны тэрмін будзе ўжо не такім. Пры гэтым падчас разбору затрыманых мы стараемся па-чалавечы паглядзець, хто трапіў туды выпадкова, і звярамі стараемся не быць. Але і мяккацелымі таксама не будзем.

Пракаментаваў Караеў і словы свайго першага намесніка Генадзя Казакевіча пра магчымасць выкарыстання баявой зброі.

— Баявая зброя перш за ўсё дастасавальная падчас спынення дзеянняў злачынцаў, калі ўсе астатнія метады вычарпаліся, нічога страшнага ў гэтай заяве няма. Бо мелася на ўвазе выкарыстанне зброі з пункту гледжання аднаўлення правапарадку. Ніхто не казаў, што яна будзе выкарыстощвацца без разбору і па мірных пратэстоўцах, — сказаў міністр.

Пры гэтым, калі чалавек нападае на супрацоўніка міліцыі, "ён павінен быць спынены ўсім наяўным арсеналам: ад фізічнай сілы да баявой зброі". Караеў нагадаў пра амерыканскую практыку, калі для выкарыстання зброі дастаткова "пагрозлівых паводзін".

— Калі я задаю пытанне сваім начальнікам УУС: чаму супрацоўніка ўжо білі, некалькі хвілін ішла валтузня, спрабавалі адабраць зброю, душылі, а ён толькі папераджальнымі ўверх? І толькі калі яго амаль забілі... і тое толькі па нагах. Мне адказваюць, што пакуль нашы міліцыянты не былі гатовыя да таго, каб забіць свайго аднавяскоўца, земляка, жыхара свайго раёна. Настолькі за 26 гадоў жыцця мы былі гатовыя толькі да таго, каб быць гуманнымі... Гэта адыграла злы жарт. Цяпер сітуацыя змянілася — ідзе вайна. Ідзе непрыхаванае і нахабнае ўздзеянне, падсілкаванае беспакаранасцю і адсутнасцю страху. А мы ўсё яшчэ разгойдваемся?

Караеў "даносіць да міліцыянтаў", што "тваё жыццё, будучыня тваіх дзяцей і шчасце тваёй жонкі залежыць ад таго, наколькі хутка ты выхапіш зброю і вызначыш, што цябе ўжо забіваюць, а ты яшчэ спрабуеш іх угаварыць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.