Кіраўнік "ДНР" Захарчанка абвясціў пра стварэнне Маларосіі

Кіраўнік "ДНР" Захарчанка абвясціў пра стварэнне Маларосіі

Кіраўнік так званай "Данецкай народнай рэспублікі" (ДНР) Аляксандр Захарчанка абвясціў пра стварэнне новай дзяржавы, якая называецца Маларосія. Па словах Захарчанкі, гэтая дзяржава з'яўляецца правапераемніцай былой Украіны.

Сталіцай новай дзяржавы Захарчанка назваў Данецк, а Кіеў — гісторыка-культурным цэнтрам.

Паведамляецца, што рашэнне аб стварэнні Маларосіі было прынята сумесна ўладамі так званых "ДНР" і "ЛНР". Аднак рэакцыі афіцыйных прадстаўнікоў "ЛНР" пакуль няма.

Новая дзяржава абвясціла, што хоча ўзяць "курс на далучэнне да Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, пры захаванні незалежнасці і суверэнітэту". У той жа час у Маларосіі хочуць захаваць бязвізавы рэжым з Еўрасаюзам.

Украінскі палітолаг, кіраўнік Фонду “Украінская палітыка” Канстанцін Бандарэнка раіць не ставіцца сур’ёзна да заявы “лідара ДНР”.

Бандарэнка: “Захарчанка робіць пэўныя заявы з прыцэлам не на палітычную рэалізацыю, а на эпатаж. І таму я не ставіўся б да яго заяў сур’ёзна. Тым больш, што калі і адзін, і другі бок час ад часу робяць заявы, што выходзяць за дужкі “Мінскіх пагадненняў”, то ўсе да такога ўжо прызвычаіліся — усё адно далейшы дыялог будзе развівацца на падставе Мінска і тых дамоўленасцяў, якія былі прынятыя ў лютым 2015 года”.

Тым не менш, Бандарэнка ўпэўнены, што заява Захарчанкі пра стварэнне Маларосіі была санкцыянаваная “Старой плошчай” у Маскве. Такім чынам, лічыць палітолаг, расійскі бок імкнецца павысіць стаўкі на перамовах па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі