Хто першая апіятная эканоміка свету і за што арыштавалі Бегбедэра — #ІхНоравы

Наш агляд міжнародных навін

Наш агляд міжнародных навін / Еўрарадыё

Еўрапейскія селебрыці зноў у цэнтры секс-скандалу. У гэты ж час у Паўднёва-Усходняй Азіі людзі паціху вырошчваюць мак, каб хоць так зарабіць на жыццё ва ўмовах ваеннай дыктатуры. Пра гэта і не толькі чытайце ў нашым аглядзе міжнародных навін.

Пісьменніка Фрэдэрыка Бегбедэра дапыталі па справе аб згвалтаванні

Вядомага пісьменніка, аўтара бестсэллераў “99 франкаў”, “Каханне жыве тры гады”, на днях узялі пад арышт. Але ніхто не ведаў, з якой нагоды. У СМІ пісалі толькі, што перад гэтым 58-гадовага француза выклікалі на допыт у паліцэйскі ўчастак.

Радыёстанцыя France Info даведалася, у чым справа. Па звестках рэдакцыі, у паліцыю звярнулася маладая жанчына з французскага горада По. Яна сцвярджае, што сёлета ў гатэлі Villa Navarre, якім з 2011 па 2015 год валодаў пісьменнік, яна мела сексуальную сувязь з пісьменнікам. Першы раз — паводле згоды, другі раз — без згоды.

Таксама крыніца радыё паведаміла, што Бегбедэр падтрымліваў зносіны з дзяўчынай на працягу некалькіх месяцаў. Раман пачаўся, калі ёй было 17 гадоў.

Бегбедэра пасля допыту вызвалілі з участка. Ён сам пракаментаваў інцыдэнт, але даволі іранічна. Ён падзякаваў паліцэйскім за тое, што яго так ветліва сустрэлі, але ў яго ёсць дзве заўвагі.

“Курынае кары было сухое, і мая машына апынулася на штрафстаянцы, пакуль я знаходзіўся пад вартай у паліцыі ўсяго некалькі гадзін. Перад гэтым паліцэйскім участкам дакладна не хапае паркоўкі”, — напісаў Бегбедэр.

Хто першая апіятная эканоміка свету і за што арыштавалі Бегбедэра — #ІхНоравы
Фрэдэрык Бегбедэр апынуўся ў цэнтры сэкс-скандалу / Stephane Cardinale/Corbis via Getty Images

Пракурор горада По Радольф Жары падрабязнасцяў справы не раскрыў. Сказаў толькі, што расследаванне працягваецца, а пісьменнік “аспрэчыў факты”, якія яму выставілі ў якасці абвінавачання. І нагадаў, пакуль яны не даказаныя ў судзе, варта паважаць прэзумпцыю невінаватасці.

Папа Францішак не хоча быць пахаваным у Ватыканскіх гротах

Што праўда, паміраць ён пакуль не збіраецца, нягледзячы на працяглыя праблемы са здароўем. І пра адстаўку таксама не задумваецца. Пра гэта пантыфік сказаў у інтэрв'ю мексіканскаму тэлебачанню "Н Плюс".

Папа Францішак сказаў, што не хацеў бы, каб яго пахавалі ў базіліцы Святога Пятра, як усіх яго папярэднікаў.

"Я заўсёды абяцаў гэта Багародзіцы, і месца падрыхтаванае ўжо, я хачу, каб мяне пахавалі ў Санта-Марыя-Маджорэ", — кажа пантыфік напярэдадні свайго 87-годдзя.

У гэтым годзе пантыфіку зрабілі аперацыю па выдаленні грыжы. Яна прайшла паспяхова, але яму ўсё яшчэ цяжка хадзіць — ён перасоўваецца на вазку і з кійком. Летам Папа хварэў на запаленне лёгкіх, а нядаўна зноў перанёс цяжкі грып з бранхітам. Але ён працягвае выконваць сваю службу і нават час ад часу ўдзельнічае ў паездках.

Афганістан больш не лідар па наркотыках

Гучыць дзіўна, але пасля таго, як кіроўны ў Афганістане "Талібан" увёў забарону на вырошчванне маку, краіна страціла лідарства па нелегальнай вытворчасці опіуму ў свеце. Эстафету падхапіла М’янма, гаворыцца ў справаздачы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. У Афганістане жа вытворчасць опіуму амаль што вынішчылася — скарацілася на 95% ад таго аб’ёму, што быў да талібаў.

М’янма ў 2023 вырабіла прыкладна 1080 метрычных тон опіуму. І гэта рэкорд з 2001 года. ААН прыходзіць да высновы, што калі забарона на апіяты ў Афганістане працягнецца, то ў свеце ўзнікне дэфіцыт гераіну. Які ўсё адно хтосьці будзе запаўняць — і хутчэй за ўсё, краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

І паколькі ў дзяржаве расце інфляцыя, а працы няма і множыцца беднасць, эксперты прагназуюць, што ўсё больш насельніцтва будзе ўцягвацца ў вырошчване мака, каб зарабляць на жыццё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі