Хочацца верыць, што паедзем, але надзея ўсё слабейшая — Халадовіч пра Алімпіяду

Таццяна Халадовіч / sport5.by

Таццяна Халадовіч / sport5.by

Беларуская кідальніца кап'я Таццяна Халадовіч прызналася, што ёй не хацелася б казаць "кепскае" пра беларускае спартовае начальства, але пытанні да яго ёсць. У гэтыя выходныя Халадовіч выйграла першынства краіны. Пры гэтым вынікам сваім засталася не вельмі задаволеная.

Таццяна прызналася, што апошнім часам ёй стала складана матываваць сябе. "Не хачу казаць нешта кепскае пра нашае начальства і лезці ў іх справы, але нічым не дапамагаюць, каб мы маглі "лавіць" матывацыю", — заявіла спартсменка. У выніку спартоўцы імкнуцца падтрымліваць сябе і матываваць самі.  "Хацелася б мець канкурэнцыю, у якой у цябе будуць выйграваць, каб было куды імкнуцца. Хочацца "завесціся" ў барацьбе. Пакуль такога няма", — прызналася спартсменка. Халадовіч адзначыла, што хацела б трапіць на Алімпіяду, але "пакуль усё неяк незразумела". "Мне вельмі хочацца верыць у тое, што паедзем. Але з кожным днём надзея ўсё больш патухае", — заявіла яна.

Раней кідальніцу кап'я Таццяну Халадовіч матываваў Аляксандр Лукашэнка. Яна расказвала, як перамагла дзякуючы яму на II Еўрапейскіх гульнях у 2019 годзе. Казала, што перад фіналам тады вельмі стамілася, а выйшла ў сектар, "стадыён бітма. прэзідэнт у ложы. І бац — сіла адразу на 50 працэнтаў уверх".

Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны Міжнародны алімпійскі камітэт рэкамендаваў міжнародным спартовым федэрацыям адхіліць ад спаборніцтваў спартоўцаў з РБ і РФ. Потым МАК трохі змякчыў пазіцыю — удзел беларускіх і расійскіх спартоўцаў дапускаўся пад нейтральным сцягам. Але еўрапейская і міжнародная федэрацыі лёгкай атлетыкі занялі "цвёрдую і катэгарычную пазіцыю, якая не зменіцца: у цяперашняй сітуацыі шанцаў для ўдзелу ў спаборніцтвах расійскіх і беларускіх спартоўцаў у любым статусе, а таксама трэнераў, афіцыйных асоб і абслуговага персаналу няма", казаў у траўні прэзідэнт Еўрапейскай лёгкаатлетычнай асацыяцыі Дабрамір Карамарынаў.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі