Вы тут

КДК — пра блакіроўку краўд-платформы MolaMola

На "МолаМола" збіралі сродкі для беларускіх лякарняў / pixabay.com

Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантроля упершыню патлумачыў блакіроўку ў чэрвені краўд-платформы MolaMola. Ліст атрымаў яе сузаснавальнік Антон Матолька. Ведамства спасылаецца на артыкул закона "Аб мерах па прадухіленні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага паражэння".

На "МолаМола" збіралі сродкі для беларускіх лякарняў, звязаных з барацьбой з COVID-19. "Белгазпрамбанк" заблакаваў рахункі кампаніі "Хайв Проджект", якой належаць краудфандынгавыя платформы "МолаМола" і "Вулей", пасля ператрусаў у банку і змены яго кіраўніцтва. Іншым сузаснавальнікам MolaMola з'яўляецца прадпрымальнік Эдуард Бабарыка, сын патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты, экс-банкіра Віктара Бабарыкі. З 18 чэрвеня яны абодва знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

"У сувязі з блакаваннем рахункаў мы не можам разлічыцца за выкананую працу з нашымі праграмістамі і падрадчыкамі, заплаціць зарплату супрацоўнікам і аплаціць арэнду офіса, — піша Матолька ў Facebook. — Спадзяюся, што ўсё ж у бліжэйшы час здымуць арышт і дадуць магчымасць разлічыцца з контрагентамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.