Вы тут

КДБ завяршыў расследаванне "справы Уцюрына", у ёй 16 фігурантаў

Андрэй Уцюрын / БЕЛТА

Следчае ўпраўленне КДБ завяршыла папярэдняе расследаванне вядомай крымінальнай "справы Уцюрына" — экс-кіраўніка Службы аховы прэзідэнта і былога намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі.

Абвінавачанымі па справе праходзяць 16 чалавек — восем службовых асоб і восем прадстаўнікоў камерцыйных структур. Іх вінавацяць у шматлікіх фактах атрымання і дачы хабару пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп'ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння.

Гаворка ідзе пра мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абаненцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi; закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталявання; закупку абсталявання маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП "Белтэлекам" і г. д.

Прэс-служба КДБ называе фігурантаў справы: 

1. Фелікс Каспяровіч, старшыня Праўлення ААТ "Беларускі міжбанкавы разліковы цэнтр". Яго разам з А. Падгорным вінавацяць у атрыманні хабару на агульную суму не менш за 868 750 долараў;

2. Андрэй Падгорны, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага банка Беларусі. 

3. Ігар Кудасаў, начальнік галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацбанка Беларусі. Яго вінавацяць у атрыманні хабару на суму не менш за 30 000 долараў;

4. Юрый Зданевіч, дырэктар РУП "Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь". Яго вінавацяць у атрыманні хабару на 82 500 долараў;

5. Аляксей Мілаванаў, начальнік упраўлення інфармацыйнай бяспекі Дэпартамента бяспекі ААТ "АСБ "Беларусбанк". У яго абвінавачанні называецца сума ў 27 000 долараў;

6. Андрэй Уцюрын, намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. Яго вінавацяць у атрыманні хабару не меш як на 190 000 долараў ЗША і падбухторванні да дачы хабару;

7. Сяргей Сівадзедаў, гендырэктар РУП "Белтэлекам". Яму інкрымінуюць атрыманне хабару на 470 000 долараў і 15 000 еўра;

8. Юрый Панамароў, выканаўчы дырэктар ААТ "Банк БелВЭБ". Яго вінавацяць у атрыманні хабару на 13 000 долараў, а таксама выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў;

9. Уладзімір Жылін, фактычны кіраўнік ТАА "Мабільны сэрвіс" (Мінск). Яму выставілі абвінавачанне ў дачы хабару на суму не менш як 900 250 долараў;

10. Сяргей Пакрышка, саўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА "Салідэкс ПІ" і ТАА "Салідэкс" (Мінск). У яго абвіначанні фігуруе дача хабару на суму не менш за 195 000 долараў;

11. Міхаіл Прыгара, прадстаўнік кампаніі "АМТ-Груп Інтэрнэшнл" (Мінск). У яго фігуруе дача хабару на агульную суму 285 000 долараў;

12. Сяргей Шаркоў, грамадзянін Латвіі, саўладальнік СТАА "ДПА" (Мінск). Яго вінавацяць у дачы хабару на суму не менш за 53 000 долараў;

13. Аляксандр Броўка, прадстаўнік ТАА "Мабільны сэрвіс" (Мінск). Яго таксама вінавацяць у дачы хабару на суму 13 000 долараў. Акрамя таго ў яго абвінавачанні фігуруе прадастаўленне выгады маёмаснага характару на суму 1000 фунтаў стэрлінгаў;

14. Віталь Гарбачоў, прадстаўнік кампаній "Смартлабс" і "УГМК-Тэлекам", грамадзянін Расіі. Паводле следства, ён даваў хабар на суму не менш за 190 000 долараў;

15. Уладзімір Казанцаў, грамадзянін Расіі, прадстаўнік кампаній "Смартлабс" і "УГМК-Тэлекам". У яго абвінавачанні называецца дача хабару на суму не менш за 190 000 долараў;

16. Уладзімір Томчанка, дырэктар ТАА "ТТ-Связьком" (Мінск). Яго вінавацяць у дачы хабару на суму не менш за 9000 долараў ЗША.

Праваахоўнікі забралі ў хабарнікаў па гэтай справе больш за 1 650 000 долараў ЗША (у тым ліку ў аблігацыях), 62 000 еўра, больш за 1 кг золата.

Крымінальную справу перадалі для азнаямлення абвінавачаным, пасля чаго яе перададуць у Генеральную пракуратуру. 

Пра затрыманне Андрэя Уцюрына стала вядома ў красавіку. Паведамлялася, што яго затрымалі з доказамі пры атрыманні хабару ў 148 600 долараў. Хабар, як гаварылася, даваў прадстаўнік расійскай кампаніі за прасоўванне інтарэсаў сваёй кампаніі. Пазней стала вядома, што па гэтай самай справе затрыманы кіраўнік "Белтэлекама" Сяргей Сівадзедаў. 

Каментуючы затрыманне Уцюрына, Аляксандр Лукашэнка гаварыў: "Калі б ён у мяне быў па-за падазрэннямі, ён бы дагэтуль працаваў начальнікам Службы бяспекі. Ужо тады да яго былі пытанні. У мяне былі пэўныя падазрэнні. Яму быў дадзены шанц". Па яго словах, Уцюрын трапіў пад падазрэнне яшчэ на пасадзе кіраўніка Службы аховы прэзідэнта. Таму яго перавялі на пасаду намесніка дзяржсакратара Савета бяспекі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.