КДБ не дазволіў ускласці вянкі да муроў “амерыканкі” – былой турмы НКВД

Дзень памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Беларусі адзначаецца 29 кастрычніка.

Нагадаем, за адну ноч, з 29 на 30 кастрычніка 1937 года, у падвалах
мінскай турмы НКВД, так званай “амерыканцы”, была расстраляная эліта
беларускай нацыі - 100 пісьменнікаў і паэтаў, навукоўцаў і дзяржаўных
дзеячоў.

Грамадскі аргкамітэт па ўшанаванню памяці ахвяраў сталінізма
планаваў ускласці да муроў “амерыканкі” вянкі і накіраваў ліст
кіраўніцтву КДБ, каб дазволілі прайсці туды дэлегацыі з 10 чалавек.

“Еўрарадыё” пацікавілася ў сакратара аргкамітэта Уладзіміра
Раманоўскага
, ці прыйшоў адказ з гэтай установы. Вось што ён распавёў:


“А з КДБ зусім ні гука! Апошні раз мы атрымалі ад іх ліст, калі
запытвалі аб наяўнасці ў іх звестак пра пахаванні пад Гомелем. Нам быў
дадзены адказ, што яны нічога не ведаюць і наагул спыняюць з намі
перапіску”.

Мінскія ўлады не дазволілі грамадскім актывістам і часова ўстанавіць
каля будынкаў КДБ і МУС капліцу. Аказваецца, яна замінала б пешаходам.

Сябры аргкамітэта 29 кастрычніка ў 13.30 збіраюцца на тралейбусным
прыпынку каля Курапатаў. Яны мяркуюць здзейсніць аб’езд вядомых у
сталіцы мясцін, звязаных з масавымі расстрэламі ахвяраў сталінізму.

У 16.30 яны вернуцца ў Курапаты, дзе ўшануюць памяць рэпрэсаваных землякоў, пакладуць на іх магілы вянкі, запаляць свечкі.

Правядзенне мітынга-рэквіюма ў Курапатах улады не дазволілі. Амаль
месяц сталічныя чыноўнікі чакалі, а за 5 дзён да прызначанага тэрміна
паведамілі заяўнікам, што яны звярнуліся не па адрасе.