Кавалькова: у 2020 годзе адбылася рэвалюцыя сярэдняга класа, а не працоўных

Кавалькова: у 2020 годзе адбылася рэвалюцыя сярэдняга класа, а не працоўных

Хутка спаўняецца год ад прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, у выніку якіх пачаліся масавыя пратэсты. Вынікі амаль гадавога супрацьстаяння пратэстоўцаў і ўладаў Еўрарадыё абмеркавала з сяброўкай Каардынацыйнай рады і аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Вольгай Кавальковай.   

Чаму класічная апазіцыя апынулася на ўскрайку палітычных падзеяў 2020 года?  

“Я бы не казала, што ўсе лідары апазіцыі апынуліся збоку. Калі мы згадаем пачатак мінулага году, то ён пачаўся з праймерыз апазіцыі, у якім лідары ўсё-ткі ўдзельнічалі. Так, магчыма, пагаджуся, што не так вiдавочна была падтрымка новых лідараў старымі. Але гэта таксама сведчыць пра тое, што не ўсе гатовыя былі гэтую трансфармацыю праходзіць. Магчыма, адбілася нейкая стомленасць апошніх гадоў, паразы. Гэта — па-першае. Па-другое, магчыма, старая апазіцыя ведала, чым скончыцца гэтая кампанія: будуць вельмі вялікія рэпрэсіі”, —  кажа Кавалькова. 

Чаму ў праціўнікаў уладаў не атрымалася іх даціснуць?  

“Я лічу, што ў Беларусі ў 2020 годзе адбылася рэвалюцыя сярэдняга класа, інтэлігенцыі, бізнесу. Калі паглядзець на падзеі кастрычніка 2020 года, то ультыматум падтрымаў бізнес. Падтрымалі людзі, якія разумеюць, куды мы ідзём эканамічна. А вось працоўныя не асабліва падтрымалі, калі шчыра. Калі б крыху націснулі людзі, якія атрымліваюць у разы менш ад тых, хто гатоў быў адмовіцца ад свайго дабрабыту, то ў нас магло б атрымацца. На жаль, шмат было тых, хто не гатоў быў пазбавіцца таго, што ў іх ёсць. Дый проста негатоўнасць: на цябе ставяць аўтамат, а яго ў цябе няма”.

Вінаватыя менавіта людзі, якія не даціснулі? Ці лідары апазіцыі, якія не здолелі да людзей дагрукацца?   

“Я б не казала, што ўвогуле хтосьці вінаваты — хтосьці не даціснуў. Віну трэба шукаць раней, а не ў 2020-м. Нашая віна ў тым, што мы дапускалі гэта раней. У 2006-м можна было даціснуць, калі ўлада яшчэ не была такая моцная. Беларусам было ўсё роўна 26 гадоў, а мы хочам, каб за адзін дзень нам стала не ўсё роўна. Улада стварала сузалежнае грамадства, якое залежыць ад таго, хто наверсе. Пазбавіцца ад гэтай сузалежнасці — гэта шлях. І мы па ім ідзём”, — рэзюмуе Кавалькова.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі