Католікі, грэка-католікі і пратэстанты сустракаюць Раство

Каталіцкія, грэка-каталіцкія і пратэстанцкія вернікі сустракаюць Божае Нараджэнне. Ва ўсіх беларускіх касцёлах праходзяць святочныя набажэнствы.

У пастырскім пасланні да вернікаў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што цяпер асаблівы час для Касцёла. З аднаго боку, "свет імкнецца спіхнуць хрысціянскую веру на ўзбочыну грамадскага жыцця", а з іншага — "мы бачым шмат знакаў дзеяння Святога духа", патлумачыў кіраўнік каталіцкага касцёла Беларусі.

Людзі ў XXI стагоддзі, паводле яго слоў, баяцца выйсці за межы прадыктаваных часам "стылю і моды", з-за чаго сённяшнія хрысціяне пагаджаюцца "з разводамі, абортамі, эўтаназіяй, апладненнем in vitro, гомасексуальнымі саюзамі і іншымі духоўнымі анамаліямі". У духоўнае жыццё "ўваходзіць феномен паліткарэктнасці", калі "мы не маем, а можа, не хочам мець свайго меркавання па тым ці іншым маральным пытанні".

Паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, каб пераадолець гэтыя страхі неабходна даверыцца Хрысту, а для гэтага трэба "адмовіцца ад сваёй ганарлівасці, перамагчы самога сябе".

Свет занадта моцна занепакоены фінансавым крызісам, хоць усё болей заўважныя праявы крызісу культурнага і духоўнага, з-за якога "матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці сталі новымі багамі". Божы закон "лічыцца састарэлым і неактуальным". Як вынік, усё болей маладых людзей "жыве без шлюбу", "кожнае пятае дзіця ў нашай краіне выхоўваецца ў няпоўнай сям`і", гаворыцца ў пасланні.

Кінаіндустрыя, рэклама і забаўляльныя перадачы насаджаюць стыль жыцця, дзе "зло, грэх і незахаванне Божага закону ўспрымаецца як нешта захапляючае і пазітыўнае", а імклівае развіццё тэхналогій і гонка за прадуктыўнасцю "падрывае праўдзівы сэнс і значэнне чалавечай працы", адзначае Кандрусевіч.

"Наш час — гэта таксама час вельмі небяспечных залежнасцяў ад азартных і камп`ютарных гульняў, шопінгу, інтэрнэту, алкагалізму, наркаманіі, неўпарадкаванага сэксуальнага жыцця. На гэтым фоне не хапае праграм, якія фармавалі б сумленне чалавека і распаўсюджвалі б духоўныя каштоўнасці, такія, як малітва, дабрачыннасць, міласэрнасць, працавітасць, адказнасць, ахвярнасць... Найбольш небяспечнай пагрозай для хрысціянства з`яўляецца рэлігійная абыякавасць хрысціян", — лічыць кіраўнік беларускага каталіцкага касцёла.

"Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце сына Божага, прымі яго і даверся яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднання і ўчыніць цябе новай і шчаслівай!" — заклікаў мітрапаліт Кандрусевіч.

БелаПАН нагадвае, што Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены чатырма дыяцэзіямі, якія аб`ядноўваюць 630 парафій. Для парафіян адкрыта больш за 450 каталіцкіх храмаў, яшчэ некалькі дзясяткаў будуюцца. У Беларусі служаць звыш 470 каталіцкіх святароў.

Фота: БЕЛТА