Каталонцы разрываюцца паміж незалежнасцю і сяброўствам у ЕС

11 верасня паўтара мільёна каталонцаў сталі ў 400-кіламетровы жывы ланцуг. Такім чынам яны выказалі жаданне здабыць незалежнасць. Але ў Мадрыдзе не падтрымліваюць запланаваны аўтаноміяй рэферэндум (у 2014 годзе – заўв.Еўрарадыё) аб незалежнасці, прапануючы замест яго перамовы. Праз тры дні пасля “жывога ланцуга” прэм’ер Іспаніі Мар’яна Рахой напісаў у лісце лідэру каталонскай аўтаноміі Артуру Масу:

“Сувязі, якія нас аб’ядноўваюць, не могуць быць разарваныя без вялікіх фінансавых страт”.

Паводле апытанняў, праведзеных газетай El Pais, 49% каталонцаў падтрымліваюць незалежнасць, у той час, як 36% выступаюць супраць.

Толькі адразу ж узнікае пытанне, ці будзе Каталоніі выгадна незалежнасць? Напрыклад, намеснік старшыні Еўракамісіі Хаакін Альмунія пару дзён таму заявіў, што незалежная Каталонія не зможа застацца ў ЕС. На што кіраўнік аўтаномнага рэгіёна Артур Мас адказаў:

“Мы адчуваем сябе часткай Еўропы, хочам ёй заставацца і далей, хаця, можа, мы па-свойму ацэньваем нашу свабоду і незалежнасць. Я думаю, што нашы культура, менталітэт і дэмакратычныя ўстоі годныя таго, каб быць часткай ЕС. Калі на тое, канешне, будзе воля народа”.

У той жа час некаторыя лічаць каментары Альмуніі “занадта юрыдычнымі”. Камісар каталонскага ўрада Андрэў Мас Колел ківае ў бок Шатландыі, у якой рэферэндум аб незалежнасці мусіць адбыцца ў наступным годзе. Мас Колел не верыць, што калі Шатландыі аддзяляцца ад Вялікабрытаніі, яна аўтаматычна выйдзе і з ЕС.

Цікава, што ў самой Шатландыі да такіх параўнанняў ставяцца стрымана. Напрыклад, выданне The Scotsman апублікавала артыкул з загалоўкам “Каталонскія прэтэнзіі на ЕС могуць паўплываць на будучыню Шатландыі”.

Але зразумела, што навіна аб магчымым выхадзе з ЕС не дадае каталонцам аптымізму. Праўда пакуль, здаецца, усе знаходзяцца ў “незалежнай” эйфарыі. А журналісты, каб апраўдаць прыгожую ідэю, часам прыбягаюць да “спрэчных” метадаў. У першую чаргу гаворка ідзе пра каталонскі тэлеканал TV3, што зрабіў рэпартаж, у якім падлеткі і дзеці станоўча выказваліся за выхад з Іспаніі. Гэта выклікала абурэнне ў Іспаніі і нават аб’яднала палітычных канкурэнтаў.

“Галоўныя іспанскія палітычныя партыі “Народная партыя”, “Іспанская сацыялістычная рабочая партыя” і “Саюз прагрэс і дэмакратыя” нечакана аб'ядналі намаганні, каб публічна асудзіць выбар зместу TV3 і выказаць сваю занепакоенасць наконт "уцягвання дзяцей у такога роду спрэчкі”, — піша The Local.

Цікава што “ў такога роду спрэчкі” аказаліся ўцягнутыя і нават крыху пашкодзілі сваю рэпутацыю і палітыкі з Прыбалтыкі. Лічыцца, што “Каталонскі ланцуг” быў натхнёны падобнай акцыяй “Балтыйскі шлях” у 1989 годзе, калі літоўцы, латвійцы і эстонцы дабіваліся незалежнасці ад СССР. Адказваючы на пытанні каталонскіх журналістаў прэм’ер Лавтіі Валдзіс Дамброўскіс дапусціў, што Латвія можа прызнаць незалежнасць Каталоніі. А яго калега з Літвы Альгірдас Буткявічус сказаў, што яму прыемна, што Балтыйскі шлях натхняе людзей ва ўсім свеце. І дадаў, што мірнае выражэнне свайго меркавання вітаецца. Хутка амбасадараў прыбалтыйскіх краін іспанскі МЗС выклікаў на дыван – даваць тлумачэнні.

Варта адзначыць, што Каталонія, у якой жыве 7,5 мільёнаў чалавек, менш пацярпела ад рэцэсіі, чым іншыя іспанскія рэгіёны. Дзяліцца ж сваімі грашыма каталонцам не вельмі падабаецца: штогод яны накіроўваюць у Мадрыд у выглядзе падаткаў на 15 мільёнаў долараў больш, чым да іх вяртаецца са сталіцы ў выглядзе сацыяльных выдаткаў і інвестыцый. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі