Кароўкін: “У мяне сёння з 24 дактароў прысутнічае 10 — астатнія хворыя!”

Доктар медыцынскіх навук расказаў Еўрарадыё, чаму нельга вылечыць грыпозную пнеўманію, чым грып страшнейшы за СНІД, а таксама прызнаўся, што нават лекарам не паказваюць статыстыку па памерлых ад эпідэміі  Нягледзячы на тое, што эпідэмія грыпу — афіцыйна прызнаная Міністэрствам аховы здароўя з’ява, даведацца канкрэтныя лічбы пацярпелых ад гэтай хваробы немагчыма. А тым больш, колькасць памерлых ад пнеўманіі. Праўда, на сайце міністэрства ледзь не кожны дзень падаюцца справаздачы аб сітуацыі з захворваннем, але даведацца там можна толькі тое, што “сёння колькасць зваротаў з нагоды захворвання на вострае рэспіраторнае захворванне знізілася на 29,2% у параўнанні з днём учорашнім”. Не называюць дакладныя лічбы чыноўнікі міністэрства і па тэлефонах.

Самае цікавае тое, што такой статыстыкі няма нават у дактароў. Нават па колькасці хворых альбо памерлых ад пнеўманіі калег. Пра гэта Еўрарадыё расказаў доктар медыцынскіх навук, загадчык кафедры фізіяпульманалогіі Медыцынскай акадэміі паслядыпломнага навучання Валянцін Кароўкін.

Валянцін Кароўкін:
“У мяне вось сёння на занятках з 24 дактароў прысутнічае 10 — астатнія хворыя. 14 хворых дактароў у мяне! Адна прыйшла ў аўдыторыю хворая — і ўсе вакол яе захварэлі і ляжаць. Сёння яшчэ дваіх адпускаю і раней заканчваю заняткі. І ніхто не гаворыць і не піша пра тое, як ідуць справы сярод дактароў — статыстыкі-та няма! А дактары ж адны з першых пачынаюць хварэць — гэта група рызыкі. Але я ніводнай лічбы не ведаю, за выключэннем тых выпадкаў, якія кансультаваў асабіста”.



Як стала вядома Еўрарадыё, днямі з міністэрства ва ўсе ўстановы аховы здароўя былі разасланыя фармуляры з інструкцыямі, як дзейнічаць у сённяшняй сітуацыі. Але, паводле слоў Валянціна Кароўкіна, загада ўтойваць інфармацыю ад грамадскасці па колькасці памерлых ад пнеўманіі і "свінога грыпу" сярод тых папер не было.

Валянцін Кароўкін: “Такога там не было. Што тычыцца гэтага фармуляра, то гэта афіцыйная папера, яна зараз у мяне перад носам. Тут указанні на сімптаматыку, указанне на аналіз крыві, на тое, якія рэнтгенаўскія змены могуць быць у першыя дні, а яны вельмі атыповыя. І што канкрэтна трэба рабіць: першае, другое, трэцяе, чацвёртае”.

Паводле інструкцыі, кажа ён, усё выглядае проста. Але, на думку доктара медыцынскіх навук, грып — больш небяспечная хвароба, чым нават СНІД.

Валянцін Кароўкін: “Грып — вельмі хуткацечная інфекцыя. Ён знішчае субпапуляцыі лімфацытаў, якія нам неабходныя для абароны ад інфекцыі, у лічаныя дні. Гэта з аднаго боку. А з другога — ён паражае мембраны, і тыя няшчасныя выпадкі, якія мы маем, — гэта ў асноўным гемарагічная ацёчнасць лёгкага. Гэта проста няшчасныя людзі — у каго грып ускладніўся пнеўманіяй”.

Няшчасныя таму, што вылечыць грыпозную пнеўманію амаль немагчыма.

Валянцін Кароўкін:
“Гэтыя пнеўманіі амаль практычна не паддаюцца лячэнню. Бо антыбіётыкі на гэты вірус не дзейнічаюць. А з другога боку — ідзе ацёчнасць лёгкіх і дыхальная недастатковасць. Гэта ўскладненне, прычым адно з самых складаных ускладненняў гэтых вірусных захворванняў”.

Ды і лечаць іх нашы дактары, кажа Валянцін Кароўкін, “навобмацак”.

Валянцін Кароўкін: “Вірусы розныя, і нам патрэбныя розныя лекі на кожны канкрэтны вірус. Яны ж вельмі хутка змяняюцца. А ўніверсальнага прэпарата няма. Да таго ж адкуль я ведаю, які вірус у чалавека? Мне патрэбныя звесткі пра тое, на які вірус чалавек хворы, каб можна было падабраць адэкватную тэрапію. А тэрапія ў нас, па сутнасці, эмпірычная: дапамагло — значыцца дапамагло. А не дапамагло — што ж зробіш! Нашая спецыяльнасць тым і адрозніваецца, што яна не асабліва дакладная”.

У той жа час ён не згодны са сцвярджэннем, што ў нас людзей памірае ад пнеўманіі больш, чым, да прыкладу, у краінах Еўропы.

Валянцін Кароўкін: “Мне цяжка ўявіць, што там іншыя людзі, з іншай імуннай сістэмай. Там таксама ёсць катэгорыі асоб з вельмі слабым імунітэтам. У Еўропе ВІЧ-інфікаваных нашмат больш, чым у Беларусі. Там на парадак больш гэтая лічба. Таму казаць, што смяротнасць там вышэй ці ніжэй, не варта”.

А тое, што смяротнасць, да прыкладу, ад пнеўманіі там ніжэй, чым у Беларусі, то доктар гэта звязвае з узростам жыхароў Еўропы. Кажа, там больш людзей сталага ўзросту, а да іх пнеўманія амаль не “чапляецца”. І называе тых людзей, для якіх верагоднасць захварэць на пнеўманію найбольшая.

Валянцін Кароўкін:
“Найперш гэта цяжарныя жанчыны, досыць поўныя мужчыны ва ўзросце каля 40 гадоў, хворыя на хранічныя захворванні лёгкіх, хворыя на цукровы дыябет, і іншыя катэгорыі хворых”.

Таму доктар раіць лепш за ўсё адпачатку не хварэць. А для гэтага — не праяўляць падчас эпідэміі “працоўнага гераізму”. Не толькі не хадзіць на працу хворым, але і здаровым адсядзецца дома, перачакаць эпідэмію. Паводле слоў Валянціна Кароўкіна, тэндэнцыі да ўзмацнення эпідэміі ён не бачыць.

Таксама па тэме:

Лекары: “Свіны грып” ператварае лёгкія ў кашу
Людзям, якія носяць маскі на вуліцы, пагражае смяротная пнеўманія
“Ляпісы” перанеслі кіеўскі канцэрт з-за грыпу ва Ўкраіне
Ярмошына: “Заразу разносіць нельга!”
Ад грыпу AH1N1 у Беларусі ніхто не памёр
Ад “свінога грыпу” ў Мінску памерлі каля 10 чалавек?
Людзі ў масках: Мінск у паніцы рыхтуецца да эпідэміі (Фотарэпартаж)

Фота: http://bigpicture.ru/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі