Карціна Шона Пэна атрымала сем намінацый

Карціна Шона Пэна “Да дзікай прыроды” (Into the Wild) атрымала сем намінацый на прэмію Critics Choice award, уключаючы намінацыю на лепшы фільм года. Асацыяцыі тэлевізійных кінакрытыкаў Злучаных Штатаў таксама намінавалі Шона Пэна на лепшага рэжысёра, а Эміля Херша, які выконвае ў карціне галоўную ролю, - на лепшага акцёра года.

Нагадаю, што ў лістападзе гэтага года фільм “Да дзікай прыроды”, зняты па матывах аднайменнага бэстсэлера Джона Крэкаўэра, быў прызнаны лепшым мастацкім фільмам года па версіі Gotham Awards, адной з самых аўтарытэтных незалежных прэмій у ЗША.

Фільм распавядае рэальную гісторыю падлетка Крыстофера Макэндліса, які, пакінуўшы сваю забяспечаную сям'ю, зрабіўся валацугам. Ён вандраваў па ЗША і Мексіцы, пакуль не апынуўся на Алясцы, дзе стаў пустэльнікам і памёр ад голаду ў старым аўтобусе.

Прэмія тэлевізійных кінакрытыкаў, якая будзе ўручаная 7 студзеня, з'яўляецца адной з найбольш дакладных у сэнсе прадказання фаварытаў прэміі Оскар.

Дадам, што 13 снежня, так званы оскараўскі сезон працягне Галівудская асацыяцыя замежнай прэсы, якая абвесціць намінантаў на сваю ўзнагароду - Залаты глобус.

Фота: www.torontolife.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі