Вы тут

Караткевіч: Міністр упэўненая — у пенсійнай рэформе яны ўсё робяць правільна

Экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч 4 траўня сустрэлася з міністрам працы і сацыяльнай абароны Мар’янай Шчоткінай.

Па словах палітыка, з запланаваных пяці тэм абмеркаваць з міністрам атрымалася фактычна толькі адну – пенсійную рэформу.

Галоўныя прапановы “Гавары праўду”, з якімі Караткевіч прыйшла да Марыяны Шчоткінай: магчымасць павышэння пенсій да 75% ад сярэдняга заробку пры сённяшніх 40%, рэфармаванне сістэмы разлікаў пенсій з індывідуальным каэфіцыентам, каб у 15-гадовы страхавы стаж уваходзілі догляд за дзіцём, тэрміновая служба ў войску і догляд за людзьмі з першай групай інваліднасці. Таксама палітык прапаноўвала, каб жыхарам забруджаным радыяцыяй раёнаў пенсійны ўзрост не падвышалі.

Таццяна Караткевіч: “Прыемна было пачуць ад міністра, што яна ведае, дзе на гэта ўзяць грошы. Гэта быў першы чалавек, які не запытваўся ў мяне: “Дзе браць грошы?” Мы выступалі за тое, каб пенсія была 75% ад сярэдняга заробку. Апынулася, каб гэта забяспечыць, трэба 70 трыльёнаў рублёў. Самае галоўнае, мы ведаем суму і ведаем, дзе ўзяць грошы — гэта, канешне, пераразмеркаванне рэспубліканскага бюджэту, гэта — стварэнне магчымасцяў людзям зарабляць”.

Праўда, кажа Караткевіч, нягледзячы на разуменне, што трэба рабіць і дзе на гэта ўзяць грошы, нічога ў прапанаваным кірунку “пенсійнай рэформы” чыноўнікі Мінпрацы рабіць не збіраюцца.

Караткевіч: “Рабіць нічога яны не збіраюцца, таму што чыноўнікі, і міністр у тым ліку, упэўненыя: тое, што яны робяць — гэта ўсё правільна. Хоць мы бачым іншую сітуацыю: сёння ўсё больш людзей скардзяцца на тое, што не толькі заробкі не павышаюцца, але ёсць і праблемы з тым, каб атрымаць сацыяльную дапамогу — яна таксама не расце”.

Як кажа Караткевіч, не паразумеліся яны з міністрам і ў пытанні абароны жанчын. Калі міністр перакананая, што для жанчын і іх абароны ў краіне робіцца вельмі шмат, то ў лідара “Гавары праўду” іншае меркаванне: жанчынам, маўляў, і працы не хапае, і складанасці з самарэалізацыяй.

Тым не менш, сустрэчай з міністрам Караткевіч задаволеная: “Гэта магчымасць данесці чыноўнікам высокага рангу альтэрнатыўнае бачанне сітуацыі ў краіне, праблем людзей і магчымасць пачуць іх аргументы ў адказ”.