Караткевіч: Няўдалы жарт Лукашэнкі пра дзяцей з пятай калоны мяне не абразіў

Караткевіч: Няўдалы жарт Лукашэнкі пра дзяцей з пятай калоны мяне не абразіў

Выказванне кіраўніка краіны наконт новай школьнай формы, у якім ён падзяліў школьнікаў на “дзяцей з пятай калоны” і на “звычайных дзяцей беларусаў, сапраўдных, якія любяць радзіму”, — няўдалы жарт, які нават не абражае. Такое меркаванне ў каментары Еўрарадыё выказала экс-кандыдат у прэзідэнты, кіраўніца кампаніі “Гавары праўду”, маці школьніка Таццяна Караткевіч.

Караткевіч: “Асабіста мяне гэтае выказванне не абражае. Гэта нейкі такі жарт з мінулага. Мне здаецца, што сёння ён проста неактуальны і ніяк не кранае. Калі разумець пад пятай калонай людзей, якія хочуць пераменаў у краіне, то гэта большасць, 70% проста. А калі ты знаходзішся ў гэтай большасці, то такія словы проста не адпавядаюць рэчаіснасці”.

Палітык упэўненая, што такі падзел кіраўніком краіны школьнікаў на “сапраўдных” і “з пятай калоны” ніяк не адаб’ецца на яе сыне — ніхто яго дражніць “пяцікалоннікам” ці неяк інакш не будзе.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў і таксама маці Ганна Канапацкая нагадвае кіраўніку краіны пра Канстытуцыю.

Ганна Канапацкая: “А дзеці ў нас што — неяк адрозніваюцца? А нічога, што ў нас па Канстытуцыі роўнасць усіх і ўсяго? І ўсіх форм уласнасці, і розныя меркаванні дазволеныя, і талерантнасць прысутнічае — прэзідэнт пра гэта што, не памятае?”

Ці будзе яна нейкім чынам рэагаваць на гэтую заяву кіраўніка краіны, Канапацкая пакуль не ведае.

Нагадаем, 24 жніўня, выступаючы на Рэспубліканскай педагагічнай нарадзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Трэба прапанаваць некалькі варыянтаў гэтай формы школьнай. І каб было зручна і для дзяцей з пятай калоны (мы ж іх не выкінем, гэта ж нашы дзеці), і для нашых звычайных дзяцей беларусаў, сапраўдных, якія любяць нашу радзіму”.

Фота Алеся Пілецкага

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі