Караблі з украінскім збожжам ужо загружаныя і гатовыя да адпраўкі — МЗС Украіны
На борце першага сухагруза, які выйшаў з порта Адэсы 1 жніўня, 26 тысяч тон кукурузы / фота Міністэрства абароны Турцыі
Чарговыя караблі з украінскім збожжам ужо загружаныя і гатовыя да адпраўкі, пра гэта напісаў у Twitter міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба.
"Калі Расія выканае свае абавязанні па збожжавай ініцыятыве пры пасярэдніцтве ААН, яны дасягнуць замежных кліентаў і дапамогуць утаймаваць цэны на прадукты харчавання і прадухіліць голад", — адзначыў Кулеба. Ён падкрэсліў, што яго краіна "па-ранейшаму прыхільная барацьбе з глабальнай пагрозай харчовай бяспецы".
Дамоўленасць аб вывазе ўкраінскага збожжа была дасягнутая 22 ліпеня. Пагадненне падпісалі Расія і Украіна пры пасярэдніцтве Турцыі і ААН. Пры гэтым бакі не сустракаліся. Спачатку дакумент падпісалі міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў, міністр абароны Турцыі Хулусі Акар і генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш. Затым "люстраное" пагадненне было аддадзенае на подпіс прадстаўнікам Расіі, Турцыі і ААН.
Першае судна з украінскім збожжам выйшла з порта Адэсы 1 жніўня, яно кіруецца ў Трыпалі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.