Вы тут

Капітан ФК БАТЭ Віталь Радзівонаў стаў госцем курсаў "Мова Нанова" (фота)

Нападаючы ФК БАТЭ Віталь Радзівонаў на курсах "Мова Нанова". Фота Еўрарадыё.

27 красавіка госцем курсаў "Мова Нанова" стаў капітан футбольнага клуба БАТЭ, а таксама нападаючы нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Радзівонаў.

"5-7 гадоў таму я сустрэў чалавека, які пазнаёміў мяне з беларускай гісторыяй і мовай. Так атрымалася, што я будаваў лецішча, і ў маім асяроддзі з'явіўся такі чалавек. Цяпер я лічу, што ведаць сваю гісторыю і мову вельмі важна", ― сказаў Віталь Радзівонаў.

Футбаліст таксама прызнаўся, што са сваёй дачкой стараецца размаўляць па-беларуску. А нядаўна яна стала хадзіць у беларускамоўную гімназію. "Я ў гэтым не бачу нічога незвычайнага. Наадварот, я бачу праблему ў тым, што ў краіне так мала беларускамоўных навучальных установаў", ― сказаў Віталь Радзівонаў.

Віталь Радзівонаў з'яўляецца 11-разовым чэмпіёнам Беларусі па футболе, 3-разовым уладальнікам Кубка краіны і 7-разовым уладальнікам Суперкубка. У мінулым сезоне разам з іншым футбалістам БАТЭ, Міхаілам Гардзейчуком, стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату краіны, забіўшы 15 галоў.