Канцэрт-фільм "Жывы Гук ON-line": пяць гуртоў, тэрабайт відэазапісу, разбіты Fender

Мокрыя ад поту музыкі пакідалі студыю, саступаючы месца іншым, якія тут жа падлучаліся і, толькі пачаўшы граць, адразу ж змакалі наскрозь ад спякоты і сапраўднага канцэртнага драйву.
Шматгадзінны канцэрт, пяць гуртоў, чатыры камеры, тэрабайт відэазапісу, новыя песні і аранжыроўкі, а таксама разбіты гуртом МУТНАЕВОКА выдатны "Стратакасцер" - сюжэт фільма, які знялі на днях арганізатары фестывалю "Жывы Гук ON-line". І хоць дзейства адбывалася ў "рэпкропцы" на Макаёнка, а не на сцэне якога-небудзь клуба, і гледачамі былі блізкія сябры ўдзельнікаў і музыкі, што чакаюць сваёй чаргі, трэці па-ліку фэст змаглі ўбачыць усе прыхільнікі праекту, бо запісы адной з камер адначасова транслявалі ўсю гэту "распусту" у Інтэрнэт.


Фільм пра фестываль-праект, пра музыку і музыкаў, што яе граюць адразу ж "падпалілі" жыццярадасныя астранаўты Open Space, звыкла адыграўшы на ангельскай, быццам на роднай ім мове. Зрэшты, у здымачным інтэрв'ю музыкі прызналіся, што замежнай мовай валодаюць не ўсё, а барабаншчык наогул ані слова не разумее, але затое "стукае добра", што дакладна задавольвае ўвесь калектыў Open Space, а таксама яго шматлікіх прыхільнікаў.
    

Стала таксама вядома, што хлопцы ў паўсядзённым жыцці занятыя не толькі музыкай, але і іншымі "карыснымі для грамадства справамі", а грошы здольныя зарабляць, бо умеюць рабіць "усё што заўгодна: напрыклад, цвікі забіваць".

Другімі ў "найважнейшае для нас з мастацтваў" рынуліся музыкі гурта Rostra. Яны адыгралі досыць складаную і вельмі цікавую музыку і, распавялі пра планы і далей знаёміць беларускага слухача з самымі разнастайнымі яе кірункамі, і сціпла сышлі.





Тым часам, нястомны арганізатар праекту Піт Паўлаў прадстаўляў віртуальным гледачам трэцюю каманду, яго ўлюбёнцаў, гурт МУТНАЕВОКА, якая, дарэчы, толькі што адправіла ў бестэрміновы адпачынак свайго клавішніка (што, увогуле-та, толькі пайшло на карысць справе). І вось тут пачаўся самы што ні на ёсць рок-н-рол. Новая і, як заўсёды, непараўнальная стрыжка лідэра гурта шматспадзеўна заківала настройваючымся гітарам. Ударылі па струнах. І тут музыкаў як "узяло", так больш не адпускала аж да апошняй ноты, якую выдала пінаемая па падлозе гітара Fender, што да гэтага "праехалася" па вакалісце, па сценах і ўзмацняльніках.



Але, паколькі ніякіх сур'ёзных "калецтваў" апарату і студыі нанесена не было, арганізатары фэсту працягвалі мірна і абадзёрваюча пазіраць на дзейства ў студыі. Прафесійны запіс гуку пры гэтым ні на секунду не прыпыняўся, так што ва усіх прыхільнікаў гурта, якія ўбачаць неўзабаве змантаваны фільм, з'явіцца эксклюзіўная магчымасць падзяліць радасць звінячага "Стратакасцера".

"Уяўляеце?! Вось усё гэта можна прама цяпер назіраць у Інтэрнэце!, - падзяліўся сваім захапленнем Піт Паўлаў. - У гэтым і ёсць вельмі вялікая перавага такіх канцэртаў: іх немагчыма забараніць, яны даступныя любому карыстальніку "сеткі" і цалкам перадаюць атмасферу таго што адбываецца тут і цяпер".



Чацвёртым выступіў праект самога Піта. GARADzKIJA грымнулі не меней ударна, але дарагіх гітар ламаць не сталі: Flying V Піта ўжо надта дарогі сэрцу і душы гітарыста.





Апафегозам вечара (апафеозам і апагеем разам) грымнуў гурт KROK, што гэтак жа, не ламаючы гітар, умудрылася прагучаць досыць гучна і пераканаўча: у гурце з'явіўся новы барабаншчык і, трэба заўважыць, вельмі талковы. "Мы яго на вуліцы знайшлі, - кажа лідэр Рома Сухоцкі, - хадзем з намі, кажам. Ён і пайшоў. Аказаўся, сапраўды класным музыкам. Мы яму вельмі рады!"







У канцы ўсяго вечара, прыбіраючы за сваім стварэннем, Піт стомлена ўсміхаўся і прызнаваўся, што "усё атрымалася менавіта так, як было задумана": "Гурты, а разам з імі і іх прыхільнікі, атрымаюць выдатны фільм, падобнага якому ніхто ў нас не рабіў. Я рады, што мая задума прадзюсірвання таленавітых музыкаў, дапамогі ім, знаходзіць жаданае ўвасабленне".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі