Вы тут

Камуністы вылучылі 60 кандыдатаў у дэпутаты, міністра Карпенкі сярод іх няма

З'езд КПБ / Прэс-служба КПБ

Камуністычная партыя Беларусі вылучыла на выбары ў Палату прадстаўнікоў 60 кандыдатаў у дэпутаты. Рашэнне было прынята 14 верасня на XIII з'ездзе КПБ у Мінску.

Сярод вылучэнцаў — адзін кандыдат педагагічных навук і чатыры дэпутаты з дзейнага складу Палаты прадстаўнікоў. Міністра адукацыі Ігара Карпенкі, які доўгі час узначальваў Камуністычную партыю Беларусі, у ліку кандыдатаў у дэпутаты ад КПБ няма.

З 60 кандыдатаў — 46 мужчын і 14 жанчын.

"Яшчэ рабочыя, сацработнікі, педагогі, пенсіянеры і моладзь, увогуле, прадстаўлены ўсе гэтыя слаі, — расказаў Еўрарадыё другі сакратар ЦК КПБ Георгій Атаманаў. — Зараз рыхтуюцца да рассылання пратаколы, усе звесткі ўдакладняюцца, каб кандыдаты адразу маглі падаць дакументы ў акруговыя камісіі. Для гэтага спатрэбіцца час".

У цяперашні час у Палаце прадстаўнікоў цэлых восем дэпутатаў прадстаўляюць КПБ. Сярод беларускіх партый яна шырэй за ўсё прадстаўлена ў беларускім парламенце.