Камунальнікі не бачаць розніцы паміж алкаголікамі і пенсіянерамі

Сёлета ў сталіцы толькі за першае паўгоддзе са сваіх кватэр былі выселеныя 12 "злосных неплацельшчыкаў" за камунальныя паслугі. Наўзамен яны атрымалі ад Мінгарвыканкама жыллё меншае і ніжэйшай якасці. Тым часам мінскія камунальнікі накіравалі у суды яшчэ амаль 6 тысяч пазоваў на прымусовае спагнанне аплаты. Напярэдадні зімы запазычанасць па аплаце камунальных паслуг можа пагражаць мінчукам не толькі адключэннем ацяплення і святла, але і небяспекай ўвогуле страціць жыллё. Жыллёвы кодэкс РБ прадугледжвае такую меру пакарання ў выпадку, калі запазычанасць доўжыцца больш як паўгода, а ў гаспадароў няма грунтоўных апраўданняў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў генеральны дырэктар гарадскога аб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Віктар Вараб'ёў.

Віктар Вараб'ёў: "У нас адлічваецца запазычанасць не ад сумы, а па перыяду. Пасля паўгода не рэагавання на нашы прадпісанні можа на неплацельшчыка распачацца судовы пераслед. І судовая практыка ўжо рэальна існуе. Як станоўчая, так і адмоўная. У нас жа дамова ёсць на тэхнічнае абслугоўванне і ўдзел уласніка альбо наймальніка ў расходах на утрыманне жыллёвага фонду. У дадзеным выпадку другі бок свае абавязальніцтвы па дамове не выконвае. Таму…"

Праўда, суцешыў, што проста на вуліцу такіх высяленцаў не выкідаюць.

Віктар Вараб'ёў: "Высяляем з прадстаўленнем жылля ніжэйшай якасці і менш абсталяваным камунальнымі паслугамі. Але на вуліцу, канечне, нікога не высяляем".

Гэта тычыцца тых, хто жыве ў дзяржаўнай кватэры. У каго яна прыватызаваная, то такія кватэры ЖКГ прадае, набывае былым гаспадарым новыя, "ніжэйшай якасці", забірае запазычанасць, а рэшту, калі яна застаецца, перадае высяленцам.

Паводле звестак Мінгарвыканкама, пратэрмінованая запазычанасць насельніцтва за камунальныя паслугі зараз складае амаль 6 мільярдаў рублёў. Своечасова не аплачваюць паслугі ЖКГ больш як 38 тысяч сем'яў і адзінокіх людзей. Гэта - 6 адсоткаў ад агульнай колькасці наймальнікаў кватэр. Розніцы паміж неплацельшчыкам-алкаголікам і неплацельшчыкам - адзінокім, маламаёмасным пенсіянерам камунальнікі не робяць. Калі ёсць падстава - высяляць любога. Адзінае - пенсіянерам могуць пайсці насустрач і паспрабаваць дапамагчы выйсці з крызіснага становішча.

Віктар Вараб'ёў: "Грошы, як кажуць, не пахнуць. Хто запазычыўся, той і павінен аплаціць. Якія могуць быць моманты - калі пенсіянер у цяжкім становішчы, праверка гэта пацвердзіла, і ён трапляе ў катэгорыю маламаёмасных, альбо ён адзінокі, то могуць разглядацца камісіямі нашых адміністрацый варыянты магчымай дапамогі яму з пагашэннем. Ёсць у нас асобнае рашэнне ўраду аб спісанні пені ў выпадку пагашэння асноўнага доўга. Тады яна ўвогуле не выплочваецца. Меры прымаюцца, але праблема ёсць".

Сёння ў Мінску ўжо больш як 10 тысяч кватэр неплацельшчыкаў адключаныя ад электрычнасці, вады і каналізацыі. Гэта прыкмета таго, што хутка магчымы суд і перасяленне ў жыллё "ніжэйшай якасці" - без гарачай вады, каналізацыі і з печкай замест батарэі цэнтральнага ацяплення. Тым, каму ніякія пагрозы высялення ўсё адно не дапамогуць аплаціць запазычанасць камунальнікам, а працы няма, выйсце прапануе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны - пераехаць жыць і працаваць на вёску. Нават дапамогу па пераездзе, кажа кіраўнік прэс-службы міністэрства Галіна Трафіменка, аказваюць і грошы на першы час выдаюць.

Галіна Трафіменка: "У кожным цэнтры занятасці ёсць гэтая інфармацыя - вакансіі, якія мы абнаўляем штомесяц, указанне, якое жыллё прадстаўляецца, які аклад, дзе ў рэспубліцы спецыялісты патрабуюцца і якога профілю. Яны звяртаюцца, едуць за кошт службы занятасці туды глядзець гаспадарку, і калі іх задавальняе жыллё, заробак, тады яны атрымліваюць з цэнтра занятасці грошы, і пераязджаюць, і працуюць там. Калі, пасля пэўнага часу працу, заўваг на іх не будзе і яны прыйшліся да двара, ім гэты дом дазваляюць прыватызаваць".

На тое, каб абжыцца на новым месцы, беспрацоўны атрымлівае пяць бюджэтаў пражытачнага мінімуму -- 224 700 рублёў. Паводле слоў Галіны Трафіменкі, цяпер адміністрацыі сталічных раёнаў працуюць персанальна з кожным прэтэндэнтам у бяздомныя. Праўда, ёсць два патрабаванні - перасяленцы павінныя быць не старэйшыя за 45 гадоў і не бамжы па прызначэнню. Такіх нават на вёску не бяруць.

Галіна Трафіменка: "Калі яны бамжуюць тут у Мінску, то іх з Мінска колам не выганіш! Таму што тут у іх ёсць крыніца харчавання і месца для начоўкі".

Паводле звестках Мінгарвыканкама, у мінулым годзе са сталіцы быў пераселены толькі адзін чалавек, сёлета - ужо восем. Мяркуецца, што ў 2009 годзе сталіцу на вёску памяняюць 30 сем'яў і 20 халастых ды адзінокіх. У гэтых людзей ёсць магчымасць атрымаць працу, разлічыцца з ЖКГ, і не толькі захаваць за сабой прыватызаваную сталічную кватэру, але і набыць ва ўласнасць дом на вёсцы. Астатніх, каго нават у сельскую гаспадарку не возьмуць, у перспектыве чакае толькі барак без гарачай вады і з маленькай хаткай на вуліцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі