Кампрамісная рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі ўжо ёсць

Аднак канчаткова прынятая і абнародаваная яна будзе толькі 14 студзеня ўвечары ці 15 студзеня. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла кіраўніца “Офісу за дэмакратычную Беларусь” Вольга Стужынская:

“Я ведаю, што ўжо гатовы адзін тэкст, які быў зроблены па ўсіх прапановах. І абмяркоўвацца ён будзе альбо сёння позна ўвечары, але я ўжо чула, што хутчэй за ўсё нават заўтра”.

Еўрадэпутат і віцэ-старшыня камісіі па замежных справах Еўрапейскага парламенту Януш Анышкевіч расказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё, што ў падрыхтаванай рэзалюцыі ёсць як пункты, якія ўхваляюць дзеянні беларускіх уладаў, так і пажаданні для далейшай дэмакратызацыі нашай дзяржавы.

Януш Анышкевіч: “Канечне, кампрамісная рэзалюцыя ўжо ёсць. Яна будзе абнародаваная, напэўна, заўтра. Што там ёсць? Ёсць там прызнанне, што ў Беларусі пакуль няма палітвязняў. Аднак усё ж такі ёсць абмежаванне свабоды для розных людзей. Ёсць таксама жаданне, каб Беларусь узняла праблему выбарчага заканадаўства, зрабіўшы яго адпаведным прынцыпам дэмакратыі. Ёсць чаканне, што працэс рэгістрацыі палітычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў будзе палепшаны. Таксама ёсць праблема прэсы. Толькі дзве газеты атрымалі права на распаўсюд. Аднак застаюцца яшчэ 13 іншых”.

Таксама, паводле інфармацыі Януша Анышкевіча, у рэзалюцыі гаворыцца пра канкрэтныя шляхі далейшага супрацоўніцтва Беларусі і Еўрасаюза. Напрыклад, пра ўдзел ва Ўсходнім Партнёрстве і зніжэнне коштаў на шэнгенскія візы для беларусаў.

Януш Анышкевіч: “Гаворыцца пра выбарачнае супрацоўніцтва у межах Усходняга Партнёрства. Але гэта будзе залежаць ад дзеянняў беларускіх уладаў. У рэзалюцыі гаворыцца пра паступовую лібералізацыю візавага рэжыму. Вельмі падкрэсліваецца, што трэба знізіць кошт візаў для беларускіх грамадзянаў, якія хочуць уехаць у шэнгенскую зону”.

Але спадзявацца на канкрэтныя рашэнні пасля паседжання дэпутатаў Еўрапарламента нельга, гаворыць Вольга Стужынская. Рэзалюцыя носіць толькі кансультатыўны характар.

Вольга Стужынская: “Яны могуць толькі павялічыць дыскусіі, падымаць гэтыя пытанні. Але яны не могуць нічога вырашыць. Рэзалюцыя Еўрапарламента мае толькі такі кансультатыўны характар”.

Нагадаю, у Еўрапарламенце працягваецца праца над агульным праектам рэзалюцыі па Беларускім пытанні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі