Вы тут

Камітэт ААН па правах чалавека разгледзіць скаргу Таццяны Севярынец

Таццяна Севярынец​ / viciebskspring.org

Камітэт ААН па правах чалавека разгледзіць скаргу актывісткі з Віцебска Таццяны Севярынец — зварот быў зарэгістравана ў пачатку жніўня, паведамляюць віцебскія праваабаронцы.

Таццяна Севярынец звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН, таму што лічыць, што яе правы на свабоднае выказванне свайго меркавання і на ўдзел у мірным сходзе ў Беларусі былі парушаныя.

У пачатку 2020 года яе прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафавалі за допіс у Facebook. Гаворка пра запіс ад 24 снежня 2019 года. На сваёй старонцы ў сацсетцы яна заклікала гараджан узяць удзел у мірнай акцыі "супраць інкарпарацыі краіны ў склад Расіі". Райсуд Віцебска палічыў, што яна парушыла закон. Севярынец спрабавала аспрэчыць гэтае рашэнне ў судзе вышэйшай інстанцыі, але безвынікова.

Паколькі дамагчыся абароны сваіх правоў у беларускіх суда ёй не ўдалося, Таццяна Севярынец і вырашыла звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека.

Цяперашняй зімой у дачыненні да яе і яшчэ некалькіх жанчын зноў пачалі адміністрацыйную справу. У судзе фігураваў пратакол аб "несанкцыянаванай акцыі". Жанчыны ж казалі, што іх затрымалі падчас заняткаў скандынаўскай хадой. Суд прыняў нестандартнае для сучаснай Беларусі рашэнне — спыніў справу "за недаказанасцю віны".

Таццяна Севярынец — маці палітыка Паўла Севярынца і пісьменніцы Ганны Севярынец. Яна маці траіх дзяцей і бабуля сямі ўнукаў. Акрамя таго, Таццяна з'яўляецца каардынатарам незарэгістраванай партыі БХД у Віцебскай вобласці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.