Вы тут

Камера нібыта лазня: Ігар Ільяш пра умовы на Акрэсціна і сустрэчу з Марціновічам

Акрэсціна / Еўрарадыё

“Ягор Марціновіч казаў, што яго білі, калі везлі ў бусіку да СК. Як ён распавядаў, яму надзелі шлем і білі праз яго, каб не было відавочных слядоў”, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё пасля выхаду на волю палітычны аглядальнік Ігар Ільяш.

Ігара затрымалі 16 ліпеня. Праз некалькі дзён стала вядома, што ён фігурант крымінальнай справы па артыкуле 342 КК — “арганізацыя альбо ўдзел у дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак”. Нягледзячы на такі сур’ёзны артыкул, праз 10 дзён Ільяш выйшаў з Акрэсціна на свабоду.

Ігар расказаў Еўрарадыё пра сваё затрыманне, на дзіва добрае стаўленне да яго некаторых супрацоўнікаў ГУБАЗіК і сустрэчу з палітзняволенымі на Акрэсціна.

Ігар Ільяш / Еўрарадыё

Сілавік прынёс кусочак пірага
 

У параўнанні з тым, як звычайна паводзіць сябе ГУБАЗіК з затрыманымі, у мяне быў нейкі кантраст. Яны паводзілі сябе больш-менш адэкватна. Быў толькі адзін неадэкватны чалавек, які мяне сустракаў у СК, мацярыўся на мяне, пагражаў мяне збіць. 

Але ўсе астатнія паводзілі сябе больш-менш нармальна, нават з нейкай праявай чалавечнасці. Прыйшлі да мяне а палове на восьмую, я не паспеў на сняданак, не паспяваў на абед на Акрэсціна. І тады адзін з супрацоўнікаў ГУБАЗіК, які афармляў пратакол, прынес мне нейкі кусочак пірага. Маўляў, “дзень народзінаў у калегі, не паспяваеш на абед, дык паеш нармальна”.

Я не ведаю, з чым гэта звязана, але гэта вельмі кантрастуе з тым, як апісваюць затрыманні ўсе астатнія. У камеры таксама мне шмат казалі пра гвалт, збіванні, выкарыстанне электрашокера. Магчыма, у мяне проста выпадковая сітуацыя.

Умовы жахлівыя
 

Спачатку на некалькі гадзін мяне павялі ў маленькую камеру на два месцы, там былі палітычныя. Праз некалькі гадзінаў адвялі на чацвёрты паверх будынка ІЧУ. Там ужо трапіў у вялікую камеру на шэсць чалавек, дзе ўсе былі палітычныя. Разам са мной быў галоўрэд “Нашай Нівы” Ягор Марціновіч, праваабаронца Андрэй Палуда і яшчэ невядомыя шырокай грамадскасці людзі. 

Умовы ў камеры былі жахлівыя. Бо зайшоў я туды і адчуў, нібыта зайшоў у лазню. Гэта была пятніца, 16 ліпеня, пік па спякоце. Усе сядзелі ў трусах, таму што было вельмі спякотна, немагчыма было дыхаць. Вельмі цяжка было знаходзіцца там. 

Натуральна, ніякіх матрацаў, падушак, замест іх выкарыстоўвалі пластыкавыя бутэлькі з вадою. Ноччу гарыць святло. Бывалі начныя паверкі. Натуральна, гэта таксама робіцца, каб мы не маглі спаць. 

У прынцыпе, спаць на голых дошках складана для многіх. Я хутчэй выключэнне, у мяне вельмі непатрабавальны сон. Я выспаўся там лепш, чым на свабодзе. Тут вельмі цяжкі графік быў, я шмат недасыпаў. Аказалася, што на Акрэсціна выспаўся лепш, чым у кватэры. Большасць, канешне, вельмі цяжка гэтыя ўмовы перажывае. Там проста поўны камплект умоў, каб было знаходзіцца ў іх невыносна.

Марціновіча збівалі ў бусіку
 

Ягор Марціновіч / naviny.online

Ягор Марціновіч казаў, што супраць яго пры затрыманні выкарыстоўваўся гвалт. Калі ў бусіку яго везлі да СК, яго білі. Як ён распавядаў, яму надзелі шлем і білі праз яго, каб не было відавочных слядоў. 

Ён не распавядаў дэталі, але на той момант, калі я яго убачыў (Ягор сядзеў ужо тыдзень), Ягор выглядаў добра, не скардзіўся на здароўе. Слядоў гвалту не было. Адчуваў сябе бадзёра. 

Стаўленне “крымінальнікаў” да палітычных
 

Тыя, хто звязаны з спецслужбамі, з нейкай адміністрацыяй, ставяцца дрэнна. Тыя, хто не, ставяцца да нас нармальна, з разуменнем і пэўнай павагай да выбару. Так, гэта не іх гісторыя, але неяк так: “Нам не па дарозе, у вас свае меркаванні, каштоўнасці. Але паміж намі праблемаў не можа быць”. 

Прыкладна тое, што я бачу сярод тых крымінальнікаў, з якімі я трапляў у адну камеру. Я ў іх бачу больш разумення і чалавечнасці, чым шмат у якіх прадстаўнікоў рэжыму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.