Калякін: Назіральнікі лічылі б бюлетэні, калі б мы не ўдзельнічалі ў выбарах

У Мінску адбылася прэс-канферэнцыя сустаршыняў Аб'яднаных дэмакратычных сілаў. Сяргей Калякін (ПКБ), Вінцук Вячорка (ПБНФ) і Анатоль Лябедзька (АГП) далі сваю ацэнку парламенцкай выбарчай кампаніі.  На думку лідэраў апазіцыі, сёлетняя кампанія разбурыла многія міфы, у тым ліку міф пра моцную ўладу. Лідэры АДС лічаць, што ўлада прадэманстравала сваю слабасць, не дапусціўшы апазіцыю ва ўчастковыя падліковыя камісіі.

Лябедзька: Міф самы галоўны - што беларуская ўлада моцная, што яна кантралюе абсалютна ўсю сітуацыю. Аказалася, што гэта ня так, і гэта звязана з працэдурай фармавання ўчастковых камісіяў. Так сябе не паводзіць ўлада, якая перакананая ў тым, што яе падтрымлівае большасць людзей!

Сустаршыні аб'яднанай апазіцыі заявілі, што сапраўды адкрытых і сумленных выбараў не адбылося. Сведчыць пра гэта і адсотак удзельнікаў папярэдняга галасавання: сёлета ён вышэй, чым нават быў на папярэдніх парламенцкіх выбарах у 2004 годзе.

Разам з тым, на думку Сяргея Калякіна, апазіцыя не дала ўладзе стварыць прыгожую карцінку на выбарах. Гэтаму паспрыялі 70 апазіцыйных кандыдатаў, якія засталіся ў выбарчай кампаніі да канца.

Калякін: Калі б нас там сёння не было (у выбарчай гонцы, - рэд), нам бы не было пра што гаварыць - ні як улада штосьці парушае, што яна кагосьці там прыцясняе. Яна б нічога такога не рабіла і паказала б еўрапейцам, якія прыедуць на 1-2 дні і нават кепска разумеюць, дзе на мапе Беларусь знаходзіцца, і тым больш кепска разбіраюцца ва ўнутранай сітуацыі, як адкрыта ідзе галасаванне, нават бюлетэні дала б палічыць. Усё было б адкрыта і прыгожа!

Гаворачы аб рэакцыі Захаду на вынікі беларускіх выбараў, лідэры АДС адзначылі, што адносіны паміж нашай краінай і Еўрасаюзам не залежаць ад прызнання ці непрызнання вынікаў. У сваю чаргу, Вінцук Вячорка заявіў, што такое прызнанне пазбавіць беларускую апазіцыю магчымасці змагацца за дэмакратычную і незалежную Беларусь на наступных выбарах.

Вячорка: Няма выбараў, няма галасавання. Ёсць фарс! І ў гэтым сэнсе перад АБСЕ, перад міжнароднымі назіральнікамі, палітыкамі, Брусэлем стаіць не толькі маральная, але і палітычная дылема: ці рэалізоўваць даволі сумнеўны план перакоўкі ў перспектыве дыктатара ў беларускага незалежніка і абаронцу дэмакратыі; ці ўсё ж такі заставацца вернымі сваім прынцыпам і называць фальсіфікацыю фальсіфікацыяй, а фарс - фарсам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі