Ракетны комплекс СПА "Панцыр-С1" з'явіўся каля валдайскай рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна ў Наўгародскай вобласці Расіі. Фатаздымак комплексу мясцовы жыхар даслаў у выданне "Агентство".
Некалькі дзён таму такія ж комплексы былі ўсталяваныя на дахах будынкаў у цэнтры Масквы і каля Рублёўскай шашы пад Масквой. Але каля Валдая ахоўваць няма чаго, акрамя рэзідэнцыі Пуціна. З гэтага журналісты робяць выснову, што аб'ектам абароны комплексаў "Панцыр-С1" з'яўляецца асабіста расійскі прэзідэнт і яго блізкія.
"Агентство" пагаварыла з аўтарам здымка і мясцовымі жыхарамі. Яны распавялі, што комплекс не стаіць без справы — ён знаходзіцца на баявым дзяжурстве: антэна РЛС круціцца, каля яго пастаянна дзяжураць як мінімум тры вайскоўцы.
Валдайская рэзідэнцыя Пуціна вядомая як месца, дзе ён адпачывае, прымае блізкіх і сяброў, а таксама віп-гасцей. У СМІ з'яўляліся шматлікія публікацыі аб прыездзе зорак эстрады на закрытыя вечарынкі.