Вы тут

Каля Чырвонага касцёла затрымалі жанчын з пустымі аркушамі паперы (відэа)

Дзяўчаты з пустымі аркушамі каля касцёла / Кадр з відэа

Увечары 14 верасня на плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёла адбыліся затрыманні дзяўчат, піша Telegram-канал vybory_smotri. 

Прыкладна ў 19:15 да лесвіцы перад касцёлам падышлі шэсць жанчын у белых антыкавідных масках з чырвонай паласой. Яны селі каля сценкі. трымаючы ў руках белыя і чырвоныя аркушы фармату А4.

Адна з удзельніц патлумачыла: "У нас сёння няма лозунгаў, нас прэсуюць за лозунгі і плакаты. А гэта магчымасць застацца на плошчы і не апынуцца ў аўтазаку". Аднак неўзабаве з'явіліся два супрацоўнікі міліцыі, адзін з іх папрасіў усіх разысціся. У гэты час другі здымаў усё на відэакамеру. 

Жанчыны сышлі ў розныя бакі. Але праз нейкі час трое дзяўчат вярнуліся. Да іх пад'ехаў шэры бусік без нумароў. Людзі ў балаклавах зацягнулі іх у машыну і з'ехалі ў невядомым напрамку. Крыху пазней прыехаў другі мікрааўтобус, і адбылося яшчэ адно затрыманне.

У гэты час тры невядомыя зачынялі і ахоўвалі дзверы касцёла.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.