Каля 30 недзяржаўных арганізацый прадставяць Беларусь на Форуме ў Берліне

У Мінску прадстаўнікі НДА правялі “працу над памылкамі”, абмеркавалі “дарожную карту Ўсходняга партнёрства” і вырашылі, якім арганізацыям было б варта прадставіць Беларусь на Форуме грамадзянскай супольнасці ў Берліне.
5 і 6 ліпеня ў Мінску прайшла Канферэнцыя Нацыянальнага Форума грамадзянскай супольнасці “Дарожная карта Ўсходняга Партнёрства для Беларусі”.  Сярод прадстаўнікоў амаль 100 недзяржаўных арганізацый удзельнічаў Вячаслаў Дзіянаў, прадстаўнік грамадскага аб'яднання "Рух будучыні", большасць актывістаў якога – маладыя людзі.

Вячаслаў Дзіянаў: "Мы лічым, што ўдзел моладзі ў праграмах Усходняга Партнёрства важны. Калі Беларусь падпісала адпаведныя дакументы, то і моладзь не павінна адставаць. Мы хочам на сваім прыкладзе паказаць, наколькі нашая моладзь можа паляпшаць жыццё, хочам прасоўваць моладзь ва ўсе сферы грамадскага жыцця".

Ідэйны натхняльнік беларускага нацыянальнага форума грамадзянскай супольнасці метадолаг Уладзімір Мацкевіч кажа, што на мінулым форуме ў Бруселі беларускія арганізацыі выкарысталі шанцы на 200- 300%.

Уладзімір Мацкевіч: "Калі параўнаць з былым станам грамадзянскай супольнасці, то мы зрабілі істотныя крокі. Увогуле, толькі дзве краіны здолелі правесці нешта кшталту нацыянальных форумаў – апрача Беларусі, толькі Арменія. Гэта ўжо паказчык развіцця і адказнасці грамадзянскай супольнасці"

І хаця Беларусь па гэтым крытэры – сярод лідараў краін Усходняга партнёрства, маюцца і свае праблемы. Калі параўнаць з тым, як павінна быць, то грамадзянская супольнасць Беларусі "вельмі далёкая ад сапраўднай кансалідацыі, паразумення і прафесіяналізму", адзначае Ўладзімір Мацкевіч.

Напрыклад, не даволі высокая прафесійнасць беларускіх аналітыкаў і экспертаў – адна з галоўных прычын, чаму мерапрыемствы грамдзянскай супольнасці традыцыйна ігнаруюць беларускія ўлады.

Уладзімір Мацкевіч: "Каб у нас былі эксперты, на якіх арыентавалася грамадзянская супольнасць, якіх бы яна падтрымлівалі і якія б мелі безумоўны ўплыў, то з імі вымушаная была б лічыцца і Адміністрацыя, і ўлада".

Сяргей Мацкевіч, які быў абраным спікерам першага Форуму грамадзянскай супольнасці, таксама шкадуе, што прадзяржаўныя няўрадавыя арганізацыі не прыйшлі на мерапрыемства. Зрэшты, удзельнікі запоўнілі ўсю залю.

Прагноз Сяргея Мацкевіча па некаторых сферах грамадскага жыцця напярэдадні выбараў песімістычны.

Сяргей Мацкевіч: "Што тычыцца прагрэсу ў дэмакратыі, добрым кіраванні, сітуацыі з правамі чалавека – мой прагноз песімістычны, тут не адбудзецца нейкіх зрухаў. Бо нават у першы год Форуму не адбылося, а што казаць у перадвыбарны час!.. У адукацыі, абменах, моладзевай палітыцы таксама не варта чакаць хуткага прагрэсу".

Яшчэ адна замінка – параўнальная маруднасць еўрапейскай бюракратыі, адзначае Сяргей Мацкевіч.

6 ліпеня Аргкамітэт Форума абвясціў спіс з 32 арганізацый, прапанавых для ўдзелу ў Форуме грамадзянскай супольнасці ў Берліне. Сярод іх ― Беларуская асацыяцыя журналістаў, Таварыства беларускай школы, Аналітычны цэнтр "Wider Europe", Рух "За Свабоду" і іншыя. Усіх больш за 80 беларускіх арганізацыі даслалі Еўракамісіі заяўкі на ўдзел у берлінскім форуме. 

Апошняе рашэнне па складзе беларускай дэлегацыі будзе прымаць Еўракамісія. Хутчэй за ўсё, свой выбар яна зробіць да канца ліпеня, але рашэнне можа заставацца таемным аж да самага лістапада, калі пройдзе Форум НДА у Берліне.

Глядзі таксама:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі