"Калі вы не вернеце нам грошы за паўтара-два месяцы, забяром вашую кватэру"

Сайт канторы “Бизнесзайм”, што пазычае хуткія грошы, пазітыўнейшы. Тут і выгады супрацоўніцтва, і фоткі прыгожых дзяўчат, і водгукі (ажно тры) — канечне ж, самыя лепшыя. Офіс у цэнтры Мінска — у гандлёвым цэнтры “Сілуэт”. Як аказваецца, у… падвале гандлёвага цэнтру.

Кіруюся да офісу, але ён… закрыты. Адначасова са мной ля офіса з’яўляецца хлопец у зялёнай майцы і мы разам пачынаем кружыць вакол памяшкання.

“Зноў закрытыя? Я мінулы раз таксама чакала, і нават не 10 хвілін. Гэта як у фільме “Бег” — пінжак павесіў, быццам бы на працы”, — з гэтымі словамі да нашай кампаніі далучаецца жанчына ў плашчы. Яна збегла з працы, сказала начальніку, што ідзе па лекі. А  сама — па грошы! Такія яны, сучасныя беларускія жанчыны.

Нарэшце з’яўляецца менеджар.

Не паспела я сесці на крэсла, як дзяўчына кідае, што на вялікія грошы мне разлічваць няма чаго.

“Вы першы раз — таму можам даць вам адзін мільён. Крэдыт пад 2% кожны дзень. У канцы месяца, калі не заплаціце, — сума пазыкі і працэнты капіталізуюцца”, — кажа дзяўчына. Атрымліваецца, калі ў канцы месяца ты не вернеш 1,6 мільёна (гэта пазыка і працэнты), дык працэнты пачнуць налічвацца па новай, але ўжо на ўсю суму пазыкі.

Умовы атрымання сумы таксама няпростыя:

“Патрэбен пашпарт, абавязкова мінская прапіска, а таксама даведка, кантракт з месца працы ці ксеракопія працоўнай кніжкі. Я магу патэлефанаваць вам на працу — у бухгалтэрыю, каб мне вусна пацвердзілі, што вы там працуеце. Дырэктар для мяне ніхто, важны аддзел кадраў. Я тэлефаную і маю пацверджанне”, — кажа дзяўчына завучаныя словы.

Хлопец у зялёнай майцы хоча аддаць грошы — і… узяць зноў. Але другім разам яму дадуць не болей за 1,5 мільёна. Гэта не вельмі падабаецца, таму ён выходзіць з офіса. Я бягу за ім, прашу паказаць дамовы. У мяне вочы лезуць на лоб! За ўзяты 1 мільён праз год давядзецца аддаваць 146 мільёнаў!

“Вы будзеце болей аддаваць, бо ў мяне зніжка — не 2%, а толькі 1,7% за карыстанне грашыма”, — удакладняе ён.

Я вяртаюся ў офіс і бачу, што жанчына з плашчом упэўнена падпісвае дамову. У офісе панатыкана камер, а паперка на сцяне папярэджвае, што вядзецца запіс размовы. Абсалютна пустыя паліцы шафы і куток спажыўца. У папцы пасведчанне аб рэгістрацыі і тлумачэнне Нацбанку, што такая дзейнасць не адносіцца да банкаўскай.

Пакуль гляджу паперкі, касірка распытвае, ці ёсць у жанчыны… кватэра, хто там жыве і ці ёсць непаўналетнія. Забраўшы свой мільён рублёў, жанчына знікае, а я зноў пачынаю штурмаваць менеджара.

— А калі ў мяне няма прапіскі, але ёсць дамова на арэнду кватэры? Складзеная ў ЖЭСе, з пячаткай, — спрабую дабіцца крэдыта. Тая тэлефануе па кансультацыю калегу.

— Максім, а калі няма прапіскі і рэгістрацыі, але ёсць дакумент на арэнду кватэры — што рабіць? — высветліўшы, пытаецца, ці ёсць у мяне правы кіроўцы. — Калі не вернеце нам грошы, мы звернемся ў суд і забяром у вас правы, без права на іх аднаўленне! — пужае мяне менеджар. Дзяўчына агаворваецца, што калі будзе ісці судовы працэс, працэнты будуць налічвацца, і гэта скончыцца, толькі калі суддзя вынесе рашэнне.

Але гэта не ўсё! Паводле слоў гэтага чалавека, калі б у мяне была кватэра і я не вярнула б грошы (1 мільён рублёў), кантора адабрала б… маё жыллё:

“Зрабілі б вопіс кватэры, а калі б у кватэры нічога б не было, згодна з рашэннем, мы б забралі кватэру і прадалі яе з малатка”.

Толькі пад маім ціскам яна падлічвае, што за карыстанне грашыма праз год  мне прыйдзецца аддаваць... 180 мільёнаў рублёў! Гэта за той няшчасны 1 мільён, які кліент узяў спачатку.

Для параўнання: самы дарагі спажывецкі крэдыт ад "Ідэябанка" — пад 104% — выдаецца пры наяўнасці толькі пашпарту, без дадатковых даведак і паручальнікаў. Узяўшы мільён, праз год трэба будзе вяртаць 1,6 мільёна рублёў, а калі карыстацца крэдытам месяц, пераплаціць давядзецца 80 тысяч звыш мільёну, што вы пазычылі.

Як заўважаюць у Нацбанку, мікрафінансавыя арганізацыі, што даюць пазыкі, не адносяцца да банкаўскай дзейнасці. Але зараз падрыхтаваны праект указа, накіраваны на абарону спажыўцоў пры атрыманні пазыкаў у мікрафінансавых арганізацый. Праект указу прадугледжвае шэраг зменаў. У дамове павінна быць прапісана гадавая працэнтная стаўка, гэта дазволіць спажыўцу ацэньваць рызыку такіх займаў. А таксама гэтую стаўку нельга будзе змяняць, уводзіць дадатковыя плацяжы, акрамя стаўкі, утрымліваецца і забарона на змяненне тэрміну дзеяння дамовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі