Вы тут

"Калі няма баярышніка, пачынаюць піць што заўгодна, нават настойку календулы"

"Сапраўды, бяруць баярышнік шмат. Але не думаю, што ўвядзенне рэцэптаў нечым дапаможа, — адразу кажуць Еўрарадыё ў аптэцы на вуліцы Матусевіча. — Бо калі няма баярышніка, яны пачынаюць піць што заўгодна, нават настойку календулы, якая ўвогуле не прызначаная для ўнутранага ўжывання. Гэтыя лекі рэальна таннейшыя, чым алкаголь у краме. І ўсё гэта, натуральна, ужываецца ў вялікіх аб'ёмах. Ідэя някепская, каб увесці рэцэпты, але для нармальных людзей, бабуль, якія яго п'юць, будзе праблемна ўвесь час хадзіць па рэцэпты".

Норма водпуску баярышніка — дзве бутэлькі за 2.20 рубля на рукі. Выпівох гэта не спыняе: праз хуткі час вяртаюцца за дабаўкай.

У аптэцы на Гінтаўта Еўрарадыё распавядаюць, што апроч аматараў чаркі за баярышнікам прыходзяць і бабулі: 

"Жанчыны ва ўзросце робяць сабе настойку — з валяр'янкі, пустырніка і баярышніка, а потым для сэрца па кроплях п'юць. Але тых, хто п'е для задавальнення, больш".

А ёсць у Мінску і аптэкі, якія свядома адмовіліся ад баярышніка!

"Дырэктар забараніла нам яго прадаваць, бо збіраліся тут гэтыя ўсялякія, самі ведаеце, хто", — уражваюць нас у адной з аптэк на вуліцы Маякоўскай.

У аптэцы на Карла Маркса літаральна перада мной мужчына інтэлігентнага выгляду бярэ два запаветных флакончыкі баярышніка. Аптэкар кажа, што настойка заўсёды ў продажы. Але, каб у апошні час яе папулярнасць узрасла, такога няма: любоў да "напою" такая ж, як і заўсёды.

Настойку баярышніка можна прымяняць пры захворваннях сэрца, сасудаў, пры стрэсах і бяссонніцы, а таксама для нармалізацыі ціску і стрававання.