Калегі Насты Лойка адказалі на абвінавачванні ў "шпіянажы"

Наста Лойка / Еўрарадыё
Наста Лойка / Еўрарадыё

Калегі Насты Лойкі з праваабарончай арганізацыі Human Constanta адказалі на абвінавачванні ў "шпіянажы". У гэтым іх абвінаваціла аўтар артыкула, апублікаванага на рэсурсе "Беларусь сегодня". Матэрыял выдання называўся "Шпіёнскую сетку пад выглядам валанцёраў-праваабаронцаў раскрылі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС". У папрок затрыманай Лойкі ставілася вучоба ў замежжы, у тым ліку ступень магістра, атрыманая ў ЕГУ, а таксама дапамога ўдзельнікам пратэстаў з аплатай адвакатаў і штрафаў.

Калегі Насты Лойкі з Human Constanta нагадваюць, што з самага свайго заснавання іх праваабарончая арганізацыя "ажыццяўляла дзейнасць выключна мірнага і праваабарончага характару". Яны падкрэсліваюць, што такая дзейнасць з'яўляецца правамернай і гарантаваная праваабаронцам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.

"У сувязі з гэтым, лічым, што ўсе абвінавачванні, якія прыводзяцца ў артыкуле, з'яўляюцца неабгрунтаванымі", гаворыцца ў заяве Human Constanta. Праваабаронцы таксама адзначылі, што маюць намер і далей адстойваць правы чалавека, а таксама патрабаваць спыніць усе спробы ціску на беларускіх праваабаронцаў у сувязі з ажыццяўленнем імі прафесійнай дзейнасці.

Насту Лойку затрымалі ў канцы кастрычніка. З тых часоў на волю яна не выйшла - яе ўжо некалькі разоў арыштоўвалі ў рамках адміністрацыйных працэсаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі