Вы тут

Нацбанк: напрыканцы 2018 года беларусы жылі не па сродках

Кіраўнік Нацбанка Павел Калаур / БЕЛТА

Напрыканцы 2018 года рост заробкаў істотна перавышаў тэмпы росту вытворчасці працы, і гэта паўплывала на паскарэнне інфляцыі. Такія высновы ўтрымліваюцца ў заяве старшыні праўленне Нацбанка Паўла Калаура па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы, якое адбылося 3 траўня. 

Па словах галоўнага банкіра краіны, іншымі фактарамі, што ўплывалі на інфляцыю, сталі сезонны рост коштаў на плодаагароднінную прадукцыю на фоне невысокага ўраджаю, а таксама рост коштаў на паліва. Тут уплыў быў як прамы (за кошт росту цэнаў на паліва), так і ўскосны (за кошт росту цэн на тавары і паслугі, для вытворчасці якіх выкарыстоўваецца паліва).

Кіраўнік Нацбанка ўпэўнены, што ў другім паўгоддзі 2019 года інфляцыя замарудзіцца да прагнознага ўзроўню.

Дарэчы, Аляксандр Лукашэнка пастаянна нагадвае, што заробкі не павінныя перавышаць рост прадукцыйнасці. Напрыклад, пра гэта ён гаварыў падчас паездкі ў Брэсцкую вобласць 22 сакавіка 2019 года: "Зрабіў тавар — прадаў — плаці заробак. Ніхто не перашкаджае. Я ж у вас не адбіраю. Але калі нехта думае, што мы будзем плаціць заработную плату тым, хто сёння "несур'ёзна" працуе і зарабляе там 600-700 рублёў, як пішуць, а мы будзем даплачваць да 1100 рублёў, то вы павінны разумець, за кошт каго. Мы што, павінны адабраць у кагосьці грошы, хто больш зарабляе, і аддаць тым, хто менш? Гэта няправільна!"