Каго зрабіць невыязнымі, вырашаюць следчыя

Па заяве судовага выканаўцы суд можа зрабіць невыязным чалавека, які не аплаціў штраф, выпісаны інспектарам ДАІ. Але збольшага невыязнымі становяцца дзякуючы асабістаму рашэнню следчых МУС альбо пракуратуры. Штодзённа папаўняць банк даных людзей, якіх суд зрабіў “невыязнымі”, прэзідэнт даверыў Мінюсту. Як паведаміла Еўрарадыё кіраўніца прэс-службы міністэрства Людміла Мазан, адмовіцца выконваць загад яны не могуць, але спецыяльнага аддзела для збору такой інфармацыі ствараць не будуць.

Людміла Мазан: “Ніякага спецыяльнага аддзела няма. А пра дадатковую нагрузку ўвогуле ў адносінах да загаду прэзідэнта разважаць дзяржаўнай установе не выпадае”.

Па словах намесніка кіраўніка Галоўнага ўпраўлення судовых органаў Мінюсту Ларысы Мільгуй, звесткі з судоў аб новых невыязных, якія яны накіроўваюць у МУС, складаюць зусім невялікую частку ад усяго банку невыязных.

Ларыса Мільгуй: “Мы папаўняем банк даных толькі пастановамі, вызначэннямі і рашэннямі судоў. Гэта маленькая частка ўсяго банка. Банк людзей, якіх пазбавілі права выезду, складаецца з інфармацыі, якую дасылаюць усе установы, якія маюць права забараніць грамадзяніну выезд. Гэта і КДБ, і МУС, і пракуратура, і суды. Гэта вельмі вялікі банк”.

Але і спіс людзей, якіх зрабіць невыязнымі можа суд, досыць вялікі. У яго занеслі людзей, якія абавязаныя кампенсаваць выдаткі на ўтрыманне дзяцей, маюць запазычанасць па аліментах, павінны кампенсаваць нанесеную шкоду альбо страты, нанесеныя злачынствам. Не паедуць на адпачынак у Турцыю сёлета і тыя, хто мае нейкія фінансавыя абавязкі перад грамадзянамі, юрыдычнамі асобамі альбо дзяржавай. Напрыклад, кажа чыноўніца Мінюсту, невыязным становіцца той, хто не вярнуў суседу пазычаныя грошы, а той падаў у суд. Альбо той, хто не скасаваў запазычанасць па аліментах.

Ларыса Мільгуй: “Калі аліментшчык мае запазычанасць, суд прызначыў тэрмін, калі ён павінен пагасіць запазычанасць. Ён не пагасіў. І як будзе разглядаць справу суд, я не ведаю. Права прымаць рашэнне мае суд”.

Прычынай зламаных планаў на адпачынак можа стаць і неаплочаны штраф, выпісаны інспектарам ДАІ. Папрасіць суд зрабіць вас невыязным можа судовы выканаўца, якому даручана “стрэсці” з вас штраф.

Ларыса Мільгуй: “ДАІ прыняло рашэнне і аштрафавала. На выкананне прыйшло ў суд. Таму што судовы выканаўца прымусова робіць такія спагнанні. Судовы выканаўца мае права звярнуцца да суддзі. Калі суддзя прыме рашэння, каб часова абмежаваць права на выезд, значыць, такое рашэнне будзе прынята”.

Што тычыцца людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе, то рашэнне рабіць чалавека невыязным прымае следчы па справе. І невыязным, кажа чыноўніца, можна стаць незалежна ад таго, у якасці каго фігуруе чалавек -- падазронага ці абвінавачанага.

Ларыса Мільгуй: “Па справе, дзе чалавек праходзіць у якасці падазронага, рашэнне прымае орган крымінальнага пераследу – следчы, пракурор. Гледзячы хто вядзе следства”.

Што тычыцца таго, у які тэрмін чалавека, які выканаў усе патрабаванні і выплаціў усе запазычанасці, выкрасліць са спісу невыязных, то, па яе словах, гэта таксама залежыць ад суда. Кажа, не больш за 2 дні пасля прыняцця адпаведнага рашэння.

Ларыса Мільгуй: “Дзень ёсць на тое, каб у судзе пасля прынятага рашэння падрыхтавалі дакументы, і дзень у Мінюсту, каб перадаць у МУС. На працягу максімум 2 сутак гэта ўсё будзе зроблена”.

На думку юрыста Алены Танкачовай, пазбаўляць людзей, якія не выплацілі штраф альбо маюць запазычанасць па аліментах, права на выезд за мяжу дзяржава не мае права. Кажа, прымаць такія меры можна толькі ў адносінах да тых, з каго ўзялі падпіску аб нявыездзе. Усе астатнія выпадкі яна называе “неправавым падыходам”.

Алена Танкачова: “Толькі выключна ў выпадках крымінальнага працэсу і выключна ў мэтах забеспячэння правасуддзя. Усё! Аліменты, запазычанасці, яшчэ штосьці – гэта не пытанні, па якіх грамадзяніну можа быць абмежаваная свабода перамяшчэння. Гэта вельмі неправавы падыход”.

І выказала здзіўленне, чаму юрыдычная супольнасць да гэтага часу не выказалася на гэты конт.

Як паведамляла Еўрарадыё, і праз тыдзень пасля Новага года службы памежнага кантролю маскоўскіх аэрапортаў “Дамадзедава” і “Шарамецьева” не мелі спісаў невыязных беларусаў. У прэс-службе айчыннага МУС назвалі гэта недапрацоўкай і паабяцалі выправіць яе ў самы бліжэйшы час. Але, як паведамілі Еўрарадыё памежнікі “Дамадзедава”, яны да гэтага часу карыстаюцца агульным банкам даных. І там толькі тыя грамадзяне Беларусі, якіх аб’явілі ў міжнародны вышук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі