Каго з VIP-персон апазіцыя вылучыць кандыдатам на мясцовых выбарах

Каго з VIP-персон апазіцыя вылучыць кандыдатам на мясцовых выбарах

10 снежня выбарчыя камісіі пачнуць прымаць дакументы ад патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Усяго будзе абрана больш за 18 тысяч дэпутатаў рознага ўзроўню. А колькі прэтэндэнтаў на мандат выставяць дэмакратычныя структуры? Ці ёсць у апазіцыйных спісах людзі цікавыя і нечаканыя?

Больш за ўсіх абяцае вылучыць Ліберальна-дэмакратычная партыя (калі, натуральна, лічыць яе апазіцыйнай структурай) — каля 300 гатовых да апошняга змагацца за дэпутацкае крэсла штыхоў, з гонарам кажа кіраўнік выбарчага штаба, першы намеснік лідара партыі Алег Гайдукевіч. Расказвае, што яны “закрыюць” усе 57 сталічных акругаў і большасць акруг на выбарах у абласныя і гарадскія саветы. У спісе шмат выбітных і вядомых людзей з розных сфер дзейнасці, сцвярджае Гайдукевіч.

Алег Гайдукевіч: “Я ў фэйсбуку пачаў сёння выкладаць паціху людзей — прадстаўляць сваіх кандыдатаў. Сёння вось прадставіў аднаго з сузаснавальнікаў Саюза прадпрымальнікаў Беларусі. Ідзе ў Мінску адзін з кіраўнікоў філіяла банка, ідзе каля 15 чалавек сур’ёзных прадпрымальнікаў Мінска, якія ствараюць працоўныя месцы, плацяць падаткі”.

Каго з VIP-персон апазіцыя вылучыць кандыдатам на мясцовых выбарах
Алег Гайдукевіч, фота Еўрарадыё

Кіраўнік выбарчага штаба ЛДПБ таксама называе імя дырэктара цырка Сержа Бандарчука. Але пазней высвятляецца, што ён сам, можа, кандыдатам і не пойдзе, а будзе толькі іншым дапамагаць. Таксама ад ЛДПБ збіраецца балатавацца акцёр Купалаўскага Віталь Макарэвіч і кіраўнік буйнога канцэртнага агенцтва Аляксандр Касач.

“Гавары праўду” на другім месцы па абяцаных кандыдатах — каля 180 чалавек выставяць, кажа сустаршыня кампаніі Андрэй Дзмітрыеў.

Андрэй Дзмітрыеў: “У нас ёсць бізнесмен, які валодае сеткай рэстаранаў хуткага харчавання з Гродна, Юрась Сарасек. Ідзе ад нас Мікалай Лысянкоў, які быў адным з самых маладых кіраўнікоў калгаса — у 26 гадоў ён ужо ўзначальваў гаспадарку. У Фаніпалі ад нас пойдзе Вольга Тамукевіч — адзін з найлепшых у Беларусі дзіцячых лагапедаў. Пра большасць з нашых 180 можна казаць, што гэты чалавек вядомы ў тым, а гэты — у іншым”.

Каго з VIP-персон апазіцыя вылучыць кандыдатам на мясцовых выбарах
Андрэй Дзмітрыеў, фота Еўрарадыё

118 чалавек вылучыць партыя левых “Справядлівы свет”. Намеснік старшыні партыі Валерый Ухналёў называе імёны двух вядомых па-за межамі палітыкі людзей са спісу.

Валерый Ухналёў: “У нас ідзе доктар хуткай дапамогі з Віцебска Вінаградаў — вядомы ў сваім горадзе чалавек. Толя Новік у Брэсцкім раёне, кіраўнік этнаграфічнага ансамбля”.

Партыя БНФ выставіць на выбары рэкордныя 50 чалавек. Сярод іх — рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік.

Столькі ж, 10 чалавек па Мінску і каля 40 у іншых рэгіёнах краіны, выстаўляе Рух “За свабоду”. Знакавых імёнаў у спісе няма, прызнаецца намеснік старшыні Юрась Меляшкевіч. Праўда, дадае, што яны будуць, не афішуючы гэтага, падтрымліваць некалькіх вядомых асобаў, якія будуць балатавацца як незалежныя кандыдаты.

Замыкае спіс Аб’яднаная грамадзянская партыя са сваімі “прыблізна 40 прэтэндэнтамі ў дэпутаты”. І людзей з непалітычнай вядомасцю ў ім няма, прызнаецца намеснік старшыні Леў Марголін.

Леў Марголін: Не магу вас парадаваць. Нам не трэба “вясельныя генералы”, якія калісьці ў нечым адзначыліся, нам трэба людзі, якія працуюць на месцах, якія спрабуюць вырашаць мясцовыя праблемы. І такіх у нас шмат і ў Оршы, і ў Бярозе, і ў Баранавічах.

Еўрарадыё: Але ж гэтыя людзі недзе працуюць і, магчыма, яны шырока вядомыя на мясцовым узроўні?

Леў Марголін: Не факт, што яны працуюць. Бо ў нас займацца грамадскай ці палітычнай дзейнасцю і працаваць не заўсёды атрымліваецца. І гэта найчасцей звычайныя людзі: прадпрымальнікі, рабочыя, пенсіянеры, хатнія гаспадыні і гэтак далей.

Калі падлічыць усіх будучых патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, то атрымліваем 738 чалавек. І гэта з улікам 300 ад ЛДП. Магчыма, будзе яшчэ колькі дзясяткаў ад іншых структур, але такая лічба на фоне больш чым 18 тысяч мандатаў падаецца нязначнай. Можа, “вясельныя генералы” ў такой справе, як выбары, і не шкодная рэч? Каб хоць цікавасць да тых выбараў была.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі