Кабякоў пазяхаў, прэзідэнт чысціў ногці, міністр архітэктуры ўсё запісваў...

«Еўрапейскае радыё для Беларусі» падглядзела, што насамрэч канспектуюць вышэйшыя чыноўнікі падчас селектарнай нарады пра ход кампаніі па зборы ўраджаю, і як ім гэта спатрэбіцца на працы. Зазірнуць у занатоўнікі міністраў у нас, канешне, не атрымалася. Затое мы “падлавілі” тыя моманты, калі міністры нешта занатоўвалі (ці толькі рабілі выгляд), а потым параўналі з тым, што ў гэты момант гаварылі прамоўцы - міністры і прэзідэнт.

00.32 Спікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Канаплёў занатоўвае за прэзідэнтам: “у Еўропе, у Расіі і ва Украіне сёння хлеба няма. І не будзе”.

Трэба скласці спіс дэпутатаў, Дзярждумы, якім дапамагаць з хлебам...



5 хвілін 6 секунд. Міністр культуры Уладзімір Матвяйчук канспектуе словы прэзідэнта: “Зборачная кампанія заўсёды была сур’ёзным выпрабаваннем для хлебаробаў…”



8.18 Міністр архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Селязнёў (справа) занепакоена занатоўвае за прэзідэнтам, што “за апошнія два дні тэмпы збору ўраджаю знізіліся з 6 да 2%”.

Як гэта адаб’ецца на рынку жылля?



39.34-40 Прэзідэнт гаворыць пра кукурузу, якая і ў гэтым годзе “не падвяла”, і…чысціць пазногці.



43.28 Прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі занатоўвае за прэзідэнтам, "вы арыентуйце півавараў на тое, што яны па Еўропе па ячмень не паедуць… Вывозіць валюту за межы краіны, замест таго, каб набыць у сваіх, з гэтага году трэба спыняць”.



50.26 «Кукуруза -- гэта добры корм для быдла», -- занатаваў за старшынём гарадзенскага аблвыканкаму прэзідэнт Акадэміі навук Міхаіл Мясніковіч. І нават падкрэсліў гэту думку.
Ці не будзе створаны Інстытут кукурузы пры Акадэміі навук?


51.37. Прэм’ер-міністр занатоўвае прэзідэнцкую ідэю перавесці ўсе сушылкі зярна на дровы замест газа. “У нас сёння і так праблемы з аплатай газа Расіі. І ўлада, перакульваючыся, вядзе гэтыя перамовы”.
Як там пішацца «перакульваючыся»?



55.12. Намесніца кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Натальлі Пяткевіч і кіраўніку БТ Аляксандру Зімоўскаму цікава паслухаць пра тое, што “беларускія камбайны не саступаюць замежным".



57.47. Старшыня Савета бяспекі Віктар Шэйман і Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас сядзелі побач, і ўвесь час капіявалі позы адзін аднаго.



1 гадзіна 1 хвіліна. А міністр архітэктуры Аляксандр Селязнёў (на фота з правага боку) ізноў занатоўвае за прэзідэнтам: "трэба набыць дадаткова зярна ў сялян. Гэта ж лепш, чым трымаць валюту ў Пракаповіча на рахунках. Хлеб сёння і заўтра будзе даражэйшы за долар і еўра”.
Ну, кватэры-та ўсё роўна даражэйшыя. Ці …?



1.06. Віктар Шэйман і Генадзь Нявыглас сінхронна здымаюць акуляры.



1.06. А зараз яны ж і старшыня Камітэта Дзяржкантролю Зянон Ломаць дэманструюць адну і тую ж прынцыповую пазіцыю.



1.26. А з такімі сур’ёзнымі тварамі чыноўнікі падлічваюць рэнтабільнасць вырошчвання беларускіх апельсінаў. “Хто сёння сказаў, што нерэнтабельна вырошчваць апельсіны і лімоны ў Беларусі?”, – гаворыць у гэты час прэзідэнт.
Дзе вашыя ўсмешкі, спадары міністры?



1.36. Віцэ-прэм’ер Іван Бамбіза перапыняе і задае яму ўрок матэматыкі.
-- Мы убралі 39% плошчаў і намалолі 2,8 мільёны тон зярна, -- пачынае даклад віцэ-прэм’ер…
-- Гэта значыць, – калі паглядзець па працэнтах, -- перапыняе яго прэзідэнт…
– Мы выходзім на 7 мільёнаў тон, -- перапыняе прэзідэнта віцэ-прэм’ер.
– Мы ідзем пад 9 мільёнаў тон, — не слухае яго Лукашэнка.
-- Аляксандр Рыгоравіч. Ёсць такая заканамернасць, -- цярпліва тлумачыць Бамбіза. – Калі 2,8 мільны тон падзяліць на 39%, калі ў каго-небудзь знойдзецца калькулятар, тады атрымаецца лічба 7,064.
Другі віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў (на фота ўнізе) адразу ж падлічвае на кішэнным калькулятары і ўслых пацвярджае лічбу, - 7 мільёнаў тон.
Але прэзідэнт калькулятарам віцэ-прэм’ераў не верыць. “…у полі 8 мільёнаў тон, і вы хочаце сказаць, што збярэце на мільён менш. Гэта значыць, што ў полі вы страціце мільён?...
-- Мы збярэм 7 мільёнаў тон зярна, не менш, -- не адмаўляецца ад сказанага Іван Бамбіза.
-- Ну, паглядзім, калі ласка, -- нечакана згаджаецца Аляксандр Лукашэнка.



1.37. А гэта ізноў міністр архітэктуры Аляксандр Селязнёў. На гэты раз ён канспектуе даклад віцэ-прэм’ера пра “дрэнны ураджай азімага рапсу”. Праз 12 хвілін зацікаўлена занатоўвае словы прэзідэнта пра тое, што “камбайны павінны працаваць не толькі ўдзень, але і ноччу”.

Пачакайце, а можа, менавіта гэтага чалавека рыхтуюць у пераемнікі прэм'ер-міністра?



2 гадзіны 9 хвілін. Віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў прафесійна падавіў пазяханне. І гэта калі прэзідэнт гаворыць пра вынікі селектарнай нарады…

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі